Сьцяг Беларусі
сьцяг нацыянальнай дзяржавы беларускага народа, усеагульнае міжнароднае прызнаньне якой адбылося ў пачатку 1990-х гадоў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьцяг Беларусі — сьцяг нацыянальнай дзяржавы беларускага народа, усеагульнае міжнароднае прызнаньне якой адбылося ў пачатку 1990-х гадоў.
- Бел-чырвона-белы сьцяг[lower-alpha 1][1] — гістарычны нацыянальны сьцяг беларусаў[2], дзяржаўны сьцяг Беларусі (з 1918 году). Гэта палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі. Утвараецца зь беларускіх нацыянальных колераў[3] на аснове традыцыйнага нацыянальнага гербу Пагоні[2]. Гістарычна-культурная каштоўнасьць беларускага народа[4], зьвязаная зь дзьвюма найважнейшымі падзеямі беларускае гісторыі — абвяшчэньнем незалежнасьці нацыянальнае дзяржавы 25 сакавіка 1918 году і яе аднаўленьнем 25 жніўня 1991 году[5].
- Чырвона-зялёны сьцяг[6] (ЧЗ-сьцяг) — расейскі каляніяльны[6] сьцяг рэжыму Лукашэнкі[7][8], незаконна абвешчаны «дзяржаўным сьцягам Беларусі» ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на фармальнай падставе сфальсыфікаванага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які праводзіўся ва ўмовах тэрору супраць беларусаў[9]. Элемэнт палітыкі русіфікацыі (этнацыду) беларусаў. Гэта палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, чырвоны на белым фоне. Мадыфікацыя сьцяга БССР часоў кіраваньня Сталіна, распрацаванага мастаком Мікалаем Гусевым, ураджэнцам Уладзімерскае губэрні Расеі, які ў 1940 годзе стварыў плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму», а ў 1941—1944 гадох маляваў партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны і яе кіраўніка Гітлера[10].