Карл III (кароль Вялікабрытаніі)
кароль Вялікабрытаніі з 2022 года / From Wikipedia, the free encyclopedia
Карл III (англ.: Charles III), поўнае імя Чарлз Філіп Артур Джордж Маўнтбетэн-Віндзар (англ.: Charles Philip Arthur George Mountbatten-Windsor; нар. 14 лістапада 1948, Лондан) — кароль Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, а таксама манарх 14 іншых дзяржаў Садружнасці.
Заняў сталец 8 верасня 2022 года пасля смерці сваёй маці, каралевы Лізаветы II. Да гэтага часу быў вядомы як прынц Чарлз. Быў герцагам Корнуальскім і Ратсейскім у 1952—2022 гадах, да заняцця брытанскага стальца, і такім чынам самым старым і доўгачакалым спадкаемцам стальца за гісторыю Вялікабрытаніі, а таксама найдаўжэйшым трымальнікам тытула прынца Уэльскага — з 26 ліпеня 1958 года да 8 верасня 2022 года. Ва ўзросце 73 гады ён таксама найстарэйшы з усіх, хто калі-небудзь займаў брытанскі сталец.
Нарадзіўся ў Бакінгемскім палацы ў Лондане, быў першым дзіцём Лізаветы, прынцэсы Ёркскай, і Філіпа, герцага Эдынбургскага, а таксама першым унукам караля Георга VI і яго жонкі, каралевы-кансорта Лізаветы. Атрымаў адукацыю ў школах Чыма і Горданстаўна, абедзве раней наведваў і яго бацька. Пазней правёў год у гімназіі Джыланг у штаце Вікторыі, Аўстралія. Пасля атрымання ступені бакалаўра мастацтваў у Кембрыджскім універсітэце служыў у Каралеўскіх ваенна-паветраных сілах і Каралеўскім флоце ў 1971—1976 гадах. У 1981 годзе ажаніўся з Дыянай Спенсер, у шлюбе з ёю нарадзіліся два сыны — прынц Уільям і прынц Гары. У 1996 годзе пара развялася пасля таго, як грамадскасці сталі вядомы іх пазашлюбныя сувязі. У 2005 годзе ажаніўся са сваёй даўняй сяброўкай Камілай. Як прынц Уэльскі, пры жыцці каралевы Лізаветы II пачаў выконваць некаторыя афіцыйныя абавязкі ад яе імя.
Пасля смерці маці ўзышоў на каралеўскі сталец. 6 мая 2023 года ў Вэстмінстэрскім абацтве Лондана адбылася каранацыя Карла III.