Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскай вайны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Авіяцыя эфіопа-эрытрэйскай вайны — ваенна-паветраныя сілы Эфіопіі і Эрытрэі, якія адыгрывалі значную ролю ў вайне 1998—2000 гадоў. Бакі вылучалі значную частку сродкаў для падтрымкі добрага стану сваёй авіяцыі і яе мадэрнізацыі, чым меркавалася дасягнуць поспеху ва ўсім канфлікце[1]. Калі ў пачатку краіны адчувалі недахоп у пілотах, інструктарах і тэхніках, мелі істотныя праблемы з баяздольнасцю баявых машын, то па заканчэнні супрацьстаяння сітуацыя змянілася за кошт намаганняў па павышэнні авіямоцы, замежных паставак, дапамогі наймітаў і ваенспецаў з былых савецкіх рэспублік (у асноўным расійскіх і ўкраінскіх)[2]. Падчас узброенага канфлікту выяўлены шэраг асаблівасцей самалётаў серый «МіГ» і «Су», якія раней не фіксаваліся ў прыродна-кліматычных умовах Эфіопіі і Эрытрэі[3].
Самалёты і верталёты былі задзейнічаны ў бамбардзіроўках, разведцы, эвакуацыях і паветраных баях. Паводле мінімальных ацэнак, страты ў авіятэхніцы склалі 5 адзінак у эрытрэйцаў (4 МіГ-29[4][5], 1 Aermacchi MB-339[6]) і 8 адзінак у эфіопаў (3 МіГ-21, 1 МіГ-23, 1 Су-25, 2 Мі-24/35[7]). У ходзе небаявых інцыдэнтаў пацярпелі яшчэ чатыры машыны: эфіопскія Су-27СК і МіГ-21, украінскі Іл-76МД, якія разбіліся ў паветраных крушэннях, і паўднёваафрыканскі Learjet-35A, збіты па памылцы Эфіопіяй.
- Эфіопскія ВПС (першы тып).
- Эфіопскія ВПС (другі тып).
- Эрытрэйскія ВПС.