Музыказнаўства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Музыказнаўства — навука пра музыку, галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду музычных з’яў. Аснова класіфікацыі музыказнаўства — падзел на гістарычныя і тэарэтычныя галіны адпаведна выкарыстанню гістарычнага і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў мастацкай творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае музыказнаўства вывучае гісторыю музыкі як мастацкі працэс, развіццё нацыянальных музычных культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае музычнае крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэтычнае музыказнаўства даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, музычную форму. Асобныя галіны музыказнаўства — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, музычная сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэтычнае асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах старажытных цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Старажытнай Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе[ru], музычных ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах[ru]. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага[ru] (мажор) і эалійскага[ru] (мінор) ладоў. Дж. Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вялікай тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору, даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У XVII ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па музычна-тэарэтычных, акустычных і эстэтычных праблемах.
Важны этап у фарміраванні музыказнаўства як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самастойная навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, музыказнаўства склалася ў XX ст.