Пакуты маладога Вэртэра
аўтабіяграфічны раман Ёгана Вольфганга фон Гётэ / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Пакуты маладога Вэртэра» (па-нямецку: «Die Leiden des jungen Werthers» — стары назоў; «Die Leiden des jungen Werther» — сучасны назоў) — эпісталярны раман нямецкага пісьменьніка Ёгана Вольфґанґа фон Ґётэ, у якім малады юрыст-стажэр Вэртэр усутыч да самагубства расказвае пра сваё нешчасьлівае каханьне да Лоты, заручанае зь іншым мужчынам. Раман апублікаваны ў 1774 годзе й зрабіўся другім, пасьля першага нацыянальнага посьпеху драмы Ґётэ «Ґёц фон Бэрліхінґен» (па-нямецку: «Götz von Berlichingen»; 1773), найвялікім, нават тады эўрапейскім посьпехам. Абодва творы тычуцца да літаратурнае плыні «Бура й націск»[1].
Пакуты маладога Вэртэра | |
Die Leiden des jungen Werthers | |
Першае выданьне рамана, 1774 год | |
Жанр: | эпісталярны раман |
---|---|
Аўтар: | Ёган Вольфґанґ фон Ґётэ |
Мова арыгіналу: | нямецкая |
Год напісаньня: | 1774 |
Публікацыя: | 1774 |
Папярэдні твор: | Клавіґо |
Наступны твор: | Іфіґэнія ў Таўрыдзе |
Аўтар напісаў эпісталярны раман за шэсьць тыдняў.[2] Першае выданьне зьявілася ў верасьні 1774 году на Ляйпцыскім кніжным кірмашы й адразу ж зрабілася хадавым. У 1787 годзе Ґётэ перапрацаваў раман, прычым таксама зьмяніў ягоны назоў.[3] Гэты раман зрабіў Ґётэ вядомым на ўсю Нямеччыну, так бы мовіць, за адную ноч. «Вэртэр» — адзін з самых пасьпяховых раманаў гісторыі літаратуры.[4]
Сюжэт гэтага раману аўтабіяграфічны ў тым сэнсе, што Ґётэ літаратурна перапрацаваў у ім свае плятанічныя дачыненьні з Шарлотаю Баф, якая тым часам ужо была неафіцыйна заручаная.[5] Асноваю трагічнага выніку гэтага каханьня, самагубства Вэртэра, паслужыла для Ґётэ самагубства ягонага сябра, Карла Вільгэльма Ерузалема, сакратара місіі ў Вэцляры. Ён закахаўся ў замужную жанчыну, Элізабэт Герт, народжаную Эґел (1741–1813), якая засталася для яго недасягальнаю. З 1768 году яна была сужэнкаю Піліпа Якаба Герта (1735–1809), патаемнага сакратара пры пасланцы княства Пфальц-Ляўтэрн у Вэцляры. Літаратурны герой Лоты ў рамане таксама мае рысы чорнавокае Максіміляны фон Ля-Рош, яшчэ аднэй знаёмае маладога Ґётэ падчас пэрыяду пачынаньня раману. Нягледзячы на такую блізкасьць раману да сапраўднасьці, «Вэртэр» Ґётэ застаецца фіктыўным, літаратурна складзеным тэкстам,[6] — ані простым самавыяўленьнем, ані раманам з ключом.[7][8]