Самагубства
наўмыснае пазбаўленьне сябе жыцьця / From Wikipedia, the free encyclopedia
Самазабо́йства (суіцы́д; ад лац. sui caedere — забіваць сябе) — мэтанакіраванае пазбаўленьне сябе жыцьця, прычыненьне сваей уласнае сьмерці. Учыняецца пры адчуваньні стану безнадзейнасьці тут і цяпер з адначаснай думкай аб уласнай вінаватасьці[1]. Часта зьдзяйсьняецца ад адчаю, ці растлумачваецца наяўнасьцю некаторых асноўных псыхічных разладаў, як то дэпрэсія, біпалярны разлад, шызафрэнія, алькагалізм і наркаманія[2]. Чыньнікамі могуць быць ціск альбо няшчасьці, як то фінансавыя цяжкасьці ці праблемы ў міжасабовых адносінах, якія таксама могуць граць значную ролю[3].
Больш за мільён чалавек сканчаюць жыцьцё самагубствам кожны год. Сусьветная арґанізацыя аховы здароўя лічыць, што гэта трынаццатая па значнасьці прычына сьмерці ўва ўсім сьвеце[4]. Гэта асноўная прычына сьмерці сярод падлеткаў і дарослых да 35 гадоў[5]. Узровень самагубстваў вышэй сярод мужчынаў, чым сярод жанчынаў[6]. Паводле некаторых ацэнак ад 10 да 20 млн не сьмяротных спробаў самагубства робіцца кожны год ува ўсім сьвеце[7]. Да краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў належаць тыя, дзе паказальнік самагубстваў складае вышэй за 20 выпадкаў на 100 тысячаў жыхароў.
Погляды на самагубства робяцца пад уплывам больш шырокіх культурных поглядаў на экзыстэнцыяльным тэмы, як рэлігія, гонар і сэнс жыцьця. Аўраамічныя рэлігіі лічаць самагубства злачынствам у адносінах да Бога праз рэлігійную веру ў сьвятасьць жыцьця. На Захадзе яно часта разглядаецца як сур’ёзнае злачынства. Наадварот, падчас эпохі самураяў у Японіі, рытуал сэпуку паважалі як сродак адкупленьня ад нявыкананае працы альбо як форма пратэсту. У XX стагодзьдзі самагубства ў форме самаспаленьня выкарыстоўвалася ў якасьці сродку пратэсту, у той час калі дзейнасьць камікадзэ й выбухі тэрарыстаў-сьмяротнікаў былі формай ваеннае альбо тэрарыстычнае тактыкі. Практыка саці падчас індуісцкага пахаваньня, у час якога ўдава прыносіць сябе ў ахвяру на пахавальным вогнішчы мужа, альбо добраахвотна, альбо пад ціскам сям’і й ягоных сваякоў[8].
Самагубства ў якасьці мэдычнай дапамогі, як то эўтаназія, у цяперашні час ёсьць даволі спрэчнае пытаньне этыкі з удзелам хворых людзей, якіх немагчыма вылечыць, альбо якія пачуваюць моцны боль ці вымушаны праводзіць вельмі абмежаванае жыцьцё праз траўмы ці хваробы. Самаахвяраваньне для іншых не заўсёды разглядаецца як самагубства, бо мэтай ставіцца не забіць сябе, а выратаваць іншых.