Юзаф Пілсудскі
польскі грамадскі дзеяч / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ю́заф Кле́менс Пілсу́дскі (польск.: Józef Klemens Piłsudski; 5 снежня 1867, Зулаў — 12 мая 1935, Варшава) — польскі ваенны і палітычны дзеяч, барацьбіт за незалежнасць, першы кіраўнік незалежнай Польшчы ў 1918—1922 гадах і галоўнакамандуючы Войска польскага з 11 лістапада 1918 года, першы маршал Польшчы з 1920 года; двойчы прэм’ер Польшчы (1926—1928 і 1930), стваральнік г. зв. санацыйных урадаў, якія былі ўведзеныя ў 1926 годзе ў выніку дзяржаўнага перавароту, пасля якога Пілсудскі засяродзіў у сваіх руках амаль дыктатарскія паўнамоцтвы. Кавалер вялікай колькасці ордэнаў і ганаровых адзнак, як польскіх, так і замежных[2], ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў міжваеннай Польшчы. У маладосці, падчас канспіратыўнай работы, вядомы пад псеўданімамі «Віктар» (Wiktor) і «Мечыслаў» (Mieczysław). Прыхільнікі Пілсудскага, асабліва з часоў службы ў легіёнах, ужывалі такія яго мянушкі як — «Камендант» (Komendant), «Дзядуля» (Dziadek) і «Маршал» (Marszałek).
Юзаф Пілсудскі — асоба, заслугі якой перад незалежнаю Польшчаю паўсюдна прызнаныя. Адначасова з яго імем звязана і шмат супярэчнасцей: палітычныя рэпрэсіі, стварэнне Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера[3] і турмаў для няўгодных рэжыму Пілсудскага асоб[4], пытанне майскага перавароту, імкненне да ўсталявання асабістай дыктатуры і пабудаваны культ асобы.
11 лістапада 1918 года, калі Рэгенцкая рада перадала Пілсудскаму ўладу над польскім войскам, святкуецца ў сучаснай Польшчы як Дзень Незалежнасці.