Чэмпіянат свету па снукеры 2015
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіяна́т све́ту 2015 (англ.: World Snooker Championship 2015, таксама вядомы як Betfred World Snooker Championship 2015 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 18 красавіка па 4 мая 2015 года ў тэатры Крусібл, у Шэфілдзе, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па рэйтынгавых ачках і прызавых грошах снукернае спаборніцтва, а таксама трэцяе спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2014/2015. Турнір стаў 81-м розыгрышам чэмпіянату свету, які быў заснаваны ў 1927 годзе, і 39-м сусветным першынствам, якое праходзіла ў Крусібле. Кампанія «Betfred» у пяты раз спансавала чэмпіянат свету пасля розыграшаў 2009—2012 гадоў. Прызавы фонд турніру склаў £1 364 000 (на £150 000 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £300 000 атрымаў пераможца.
Чэмпіянат свету 2015 | |
Сезон | 2014/2015 |
---|---|
Тэрміны | 18 красавіка — 4 мая 2015 |
Арэна | Тэатр Крусібл |
Горад | Шэфілд |
Краіна | Англія |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Betfred |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £1,364,000 |
Прызавыя пераможцы | £300,000 |
Мінулы чэмпіён | Марк Сэлбі |
Фінал | |
Пераможца | Сцюарт Бінэм |
Фіналіст | Шон Мёрфі |
Лік | 18:15 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 32 (+112) |
Колькасць матчаў | 31 (+112) |
Колькасць фрэймаў | 586 (+1752) |
Колькасць соценных серый | 86 (+83) |
Найвышэйшая серыя | 145 (Ніл Робертсан, Сцюарт Бінэм) (кваліфікацыя: 140 (Том Форд, Дэвід Морыс, Крэйг Стэдмэн)) |
←2014 ● Чэмпіянат свету ● 2016→ | |
Снукерны сезон 2014/2015 | |
←Адкрыты чэмпіянат Кітая |
Чэмпіянат уключаў у сябе тры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзяць на працягу васьмі гульнявых дзён з 8 па 15 красавіка 2015 года ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе і ў якіх гулялі 128 удзельнікаў. 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда патрапілі ў Крусібл, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў, і, пачынаючы з 1/16 фіналу, яны ўсе гулялі на выбыванне. У першых трох раўндах турніру на арэне тэатру Крусібл выкарыстоўваліся два гульнявыя сталы, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
Былыя чэмпіёны свету Стыў Дэвіс, Кен Доэрці і Пітэр Эбдан, а таксама шасціразовы фіналіст Джымі Уайт не здолелі прайсці кваліфікацыю да чэмпіянату. Пры гэтым, Дэвіс стаў першым снукерыстам у гісторыі, які згуляў 100 матчаў на чэмпіянатах свету, уключаючы кваліфікацыйныя. Леташні чэмпіён Марк Сэлбі ледзь пазбег паразы ў першым раўндзе ад Курта Мэфліна, саступаючы з лікам 8:9 і выйграўшы матч у вырашальный партыі, аднак у другім раўндзе быў пераможаны дэбютантам Энтані Мак-Гілам з лікам 13:9 і стаў 16-м снукерыстам з 1977 года, які выйграў першы чэмпіёнскі тытул і не змог абараніць яго ў наступным годзе. У чвэрцьфінальным матчы паміж Нілам Робертсанам і Бары Хокінсам снукерысты зрабілі па чатыры соценныя брэйкі і, такім чынам, паўтарылі прафесійных матчаў (8 соценных брэйкаў за матч) і ўсталявалі новы рэкорд для 25-фрэймавых матчаў. Хокінс, які атрымаў перамогу з лікам 13:12, выйшаў у трэці паўфінал чэмпіянатаў свету запар. У паўфінальным матчы супраць Шона Мёрфі Хокінс выканаў 3 соценныя брэйкі, а яго апанент — 5, у выніку чаго рэкорд па колькасці соценных брэйкаў у прафесійным матчы зноў быў паўтораны. Мёрфі, які перамог з лікам 17:9, у трэці раз выйшаў у фінал сусветнага першынства пасля перамогі ў 2005 годзе і паразы ў 2009 годзе. Другім фіналістам стаў Сцюарт Бінэм, які да гэтага толькі аднойчы даходзіў да чвэрцьфінальнай стадыі і ніколі не праходзіў далей за яе, перамогшы ў паўфінальным матчы фіналіста чэмпіянату свету 2011 года Джада Трампа ў вырашальным фрэйме. У матчы другога раўнда супраць Алістэра Картэра Ніл Робертсан выканаў найвышэйшую серыю на турніры ў 145 балаў, а ў чвэрцьфінальным паядынку супраць Роні О’Салівана яе паўтарыў Сцюарт Бінэм, у выніку чаго яны падзялілі прыз паміж сабой. У агульнай колькасці на чэмпіянаце свету было аформлена 86 сэнчуры-брэйкаў, што стала рэкордным вынікам, пераадолеўшы папярэдні рэкорд 2009 года ў 83 соценныя серыі. Найбольшую колькасць соценных брэйкаў на турніры аформіў Шон Мёрфі — 13.
Пераможцам турніру стаў Сцюарт Бінэм, які прайграваў Мёрфі ў фінальным матчы 4:8 і 8:9 пасля першага гульнявога дня, але дамінаваў у трэцяй сесіі фінала і давёў паядынак да перамогі, упершыню стаўшы чэмпіёнам свету. Бінэм перайграў на сваім шляху да тытула Робі Уільямса (10:7), Грэма Дота (13:5), пяціразовага чэмпіёна і леташняга фіналіста Роні О’Салівана ў чвэрцьфінале (13:9), Джада Трампа ў паўфінальным матчы (17:16) і пераможцу Мастэрс Шона Мёрфі ў фінальным паядынку з лікам 18:15. Такім чынам, 38-гадовы англічанін стаў самым узроставым чэмпіёнам свету (таксама, як і фіналістам) з 1978 года, калі 45-гадовы Рэй Рыярдан перамог на чэмпіянаце ў шосты раз. Бінэм выйграў свой 11-ы прафесійны і трэці рэйтынгавы тытул у кар’еры, а таксама першы рэйтынгавы турнір у Вялікабрытаніі (пасля перамог на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2011 года і Шанхай Мастэрс 2014 года) і чацвёрты турнір у сезоне. Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла ўздыму Сцюарта Бінэма ў рэйтынгу з дзясятай пазіцыі на другую, якая стала найвышэйшым месцам у яго прафесійнай кар’еры.