Сцюарт Бінэм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сцю́арт Бі́нэм (англ.: Stuart Bingham; нар. 21 мая 1976, Базілдан, графства Эсэкс, Англія) — англійскі прафесійны гулец у снукер. Чэмпіён свету 2015 года і былы другі нумар сусветнага рэйтынгу. Пераможца чатырох рэйтынгавых турніраў (уваходзіць у топ-20 снукерыстаў у гісторыі па колькасці перамог рэйтынгавага ўзроўню). З 2011 года нязменна ўваходзіць у топ-16 сусветнага рэйтынгу.
Сцюарт Бінэм
англ.: Stuart Bingham | |
Дата нараджэння: | 21 мая 1976(1976-05-21) (48 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэння: | |
Грамадзянства: | Англія |
Вядучая рука: | правая |
Прафесійная кар'ера: | 1995–... |
Найвышэйшы рэйтынг: | 2 (05.05.2015–12.03.2017) |
Цяперашні рэйтынг: | 12 (9 красавіка 2018) |
Прызавыя грошы: | > £2,300,000 |
Найвышэйшая серыя: | 147 (3 разы: UK Tour 1998/1999 – Этап 3, Кваліфікацыя да Мастэрс 2006, Усі Класік 2012) |
Колькасць соценных серый: | 358 |
Перамогі на турнірах | |
Рэйтынгавыя турніры: | 4 |
Нізкарэйтынгавыя турніры: | 4 |
Іншыя прафесійныя турніры: | 5 |
Чэмпіён свету: | 2015 |
Стаў прафесіяналам у 1995 годзе, а дэбютаваў у асноўнай стадыі рэйтынгавага турніру на адкрытым чэмпіянаце Уэльса 1999 года, дзе здолеў дайсці да 1/4 фіналу. У 2000 годзе ўпершыню патрапіў на чэмпіянат свету, дайшоўшы да 1/8 фіналу, а ў сезоне 2005/2006 дайшоў да чвэрцьфіналаў на Гран-пры і чэмпіянаце Вялікабрытаніі, а таксама перамог на кваліфікацыйным турніры да Мастэрс, што дазволіла яму дэбютаваць на найбуйнейшым запрашальным спаборніцтве, пасля чаго ўпершыню ўвайшоў у топ-32 і абараніў тытул кваліфікацыі да Мастэрс у наступным сезоне. У пачатку сезона 2011/2012, толькі ва ўзросце 35 гадоў, атрымаў першую рэйтынгавую перамогу на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі і пазней увайшоў у топ-16 афіцыйнага рэйтынгу. У сезоне 2012/2013 дайшоў да фіналаў Усі Класік і адкрытага чэмпіянату Уэльса, атрымаў перамогу ў апошнім розыгрышы прэм’ер-лігі і ў канцы сезона дэбютаваў у топ-8 рэйтынгу. У сезоне 2014/2015 выйграў другі рэйтынгавы тытул — Шанхай Мастэрс, а таксама сенсацыйна перамог на чэмпіянаце свету, адолеўшы фаварытаў Роні О’Салівана, Джада Трампа і Шона Мёрфі ў фінале і стаўшы самым узроставым чэмпіёнам свету з 1978 года. Пасля перамогі на першынстве свету падняўся на найвышэйшае для сябе другое месца ў сусветным рэйтынгу, а ў 2017 годзе здабыў чацвёрты рэйтынгавы тытул на адкрытым чэмпіянаце Уэльса.
Займаў другое месца ў сусветным рэйтынгу амаль два гады. Апроч чатырох рэйтынгавых спаборніцтваў выйграў 4 нізкарэйтынгавыя турніры серыі PTC і 5 іншых прафесійных турніраў, у тым ліку Прэм’ер-лігу 2012 года. У 2015 годзе разам з Маркам Сэлбі прадстаўляў зборную Англіі на кубку свету. За сваю кар’еру аформіў больш за 350 соценных серый і ўваходзіць у топ-15 самых серыйных гульцоў у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за два мільёны фунтаў стэрлінгаў прызавых грошай, уваходзячы ў топ-20 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. За кар’еру выканаў тры максімальныя брэйкі, уваходзячы ў топ-15 гульцоў з найбольшай колькасцю максімумаў.