Гай Юлій Цэзар (лац.: Gaius Iulius Caesar[13]; 12 ці 13 ліпеня 100 да н.э. — 15 сакавіка 44 да н.э.) — старажытнарымскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. Консул 59, 48, 46, 45 і 44 гадоў да н.э., дыктатар 49, 48—47 і 46—44 гадоў да н.э., вялікі пантыфік з 63 года да н.э.
Хуткія факты Гай Юлій Цэзар, Пажыццёвы дыктатар Рымскай рэспублікі ...
Закрыць
Цэзар паходзіў са старажытнай патрыцыянскай сям’і, паслядоўна займаў усе ардынарныя рымскія пасады (cursus honorum) і зрабіў сабе імя на барацьбе з кансерватыўнымі сенатарамі (аптыматамі). У 60 годзе да н.э. арганізаваў першы трыумвірат разам з двума ўплывовымі палітыкамі — Гнеем Пампеем Вялікім і Маркам Ліцыніем Красам. З 58 года да н.э. больш за восем гадоў правёў на тэрыторыі сучасных Францыі, Бельгіі, Германіі і Вялікабрытаніі ў Гальскай вайне, далучыўшы да Рымскай рэспублікi велізарную тэрыторыю ад Атлантычнага акіяна да Рэйна і набыўшы славу таленавітага палкаводца. На пачатку 49 года да н.э. пачаў грамадзянскую вайну з-за непрымірымых рознагалоссяў з сенатарамі па пытаннях дэталяў свайго вяртання ў Рым і пра гарантыі судовай недатыкальнасці за службовыя злачынствы (подкупы на выбарах, хабары службовым асобам, парушэнне дамоў, гвалтоўныя дзеянні і іншыя парушэнні). На працягу чатырох гадоў прыхільнікі сената, якія згрупаваліся вакол Пампея, былі разбіты Цэзарам у Італіі, Іспаніі (двойчы), Грэцыі і Афрыцы, таксама ім былі разбіты войскі ўладароў Егіпта і Понта. Прытрымліваўся палітыкі міласэрнасці, але ў той жа час пакараў смерцю шэраг сваіх ключавых апанентаў. Дамогшыся поўнай перамогі над праціўнікамі, сканцэнтраваў у сваіх руках уладу консула і надзвычайныя паўнамоцтвы дыктатара (урэшце — у якасці пажыццёвай пасады), правёў шэраг рэформаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Пры жыцці Цэзара пачалося яго абагаўленне, ганаровы тытул палкаводца-пераможца «імператар» стаў часткай яго імя, аднак ён адмаўляўся ад улады старажытных рымскіх цароў. Пасля забойства Цэзара групай сенатараў на чале з Маркам Юніем Брутам пляменнік Цэзара Гай Актавій прыняў яго імя і атрымаў большую частку спадчыны паводле завяшчання, стаўшы пасля першым імператарам.
Да Цэзара розна ставіліся пры жыцці і такая традыцыя захавалася ў Рымскай імперыі: яго імя ўсяляк абялялася прыхільнікамі ўладароў, а апазіцыя ўсхваляла яго ахвяр і змоўнікаў супраць яго. Вельмі папулярнай была асоба Цэзара ў Сярэднявечча і Новы час. Апроч палітычнай і ваеннай дзейнасці Цэзар вядомы і як літаратар. Дзякуючы прастаце і выразнасці стылю яго сачыненні лічацца класікай старажытнарымскай літаратуры і выкарыстоўваюцца пры навучанні лацінскай мове. Ад імя Юлія Цэзара паходзяць тытулы кайзер і цар, а таксама назва сёмага месяца ў многіх мовах свету.