Місісіпі
рака ў ЗША / From Wikipedia, the free encyclopedia
Місісі́пі (англ.: Mississippi, МФА: [ˌmɪsəˈsɪpi]; на мове аджыбвэ misi-ziibi або gichi-ziibi — «вялікая рака») — рака ў ЗША, адна з найвялікшых рэк свету. Місісіпі — галоўная рака найбуйнейшай рачной сістэмы ў Паўночнай Амерыцы[1][2]. Працякае выключна на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі, хоць яе басейн распаўсюджваецца і на Канаду. Вытокам Місісіпі лічыцца або Нікалет-Крык[3], або возера Айтаска[4], у які ён упадае. Выток размешчаны ў штаце Мінесота на вышыні прыкладна 530 м над узроўнем мора. Рака галоўным чынам цячэ ў паўднёвым кірунку і дасягае даўжыні ў 3770[2] кіламетраў, сканчаючыся шырокай дэльтай у Мексіканскім заліве. Сама рака працякае па тэрыторыі 10 штатаў, а яе басейн ахоплівае 31 штат ад Скалістых гор да горнай сістэмы Апалачы. Місісіпі займае чацвёртую пазіцыю ў спісе найдаўжэйшых рэк свету і дзявятую ў спісе паводле паўнаводнасці. Місісіпі з’яўляецца часткай граніц або перасякае штаты Мінесота, Вісконсін, Аява, Ілінойс, Місуры, Кентукі, Тэнесі, Арканзас, Місісіпі і Луізіяна.
Місісіпі | |
---|---|
англ. Mississippi | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 3734 км |
Басейн | 2 981 000 км² |
Расход вады | 12 743 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Нікалет-Крык |
• Вышыня | 450 м |
• Каардынаты | 47°14′23″ пн. ш. 95°12′27″ з. д.HGЯO |
Вусце | Мексіканскі заліў |
• Вышыня | 0 м |
• Каардынаты | 29°09′13″ пн. ш. 89°15′03″ з. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Атлантычны акіян |
Краіна | |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Індзейцы жылі на берагах Місісіпі і яе прытокаў з найстаражытнейшых часоў. Большасць з іх былі паляўнічымі і збіральнікамі, але некаторыя, такія як будаўнікі курганоў, утваралі развітыя сельскагаспадарчыя абшчыны. Прыбыццё еўрапейцаў у 1500-х гадах назаўжды змяніла спрадвечны лад жыцця абарыгенаў. Першапачаткова рака выступала ў ролі бар’ера, фарміруючы межы Новай Іспаніі і Новай Францыі, а таксама ранніх Злучаных Штатаў, а затым стаўшы важнай транспартнай артэрыяй. У XIX стагоддзі, падчас апафеозу ідэі Відавочнага наканавання, Місісіпі і некаторыя заходнія яе прытокі, галоўным чынам Місуры, паслужылі шляхамі заходняй экспансіі Злучаных Штатаў.
Пакрытая тоўстым слоем глеістых адкладаў, даліна ракі з’яўляецца адным з найурадлівейшых рэгіёнаў ЗША, што паслужыла развіццю легендарнай эры параходаў на Місісіпі. Падчас Грамадзянскай вайны захоп Місісіпі сіламі Саюза паслужыў паваротным момантаў у супрацьстаянні ў сілу важнасці ракі як гандлёвага і транспартнага шляху. Па меры ўстойлівага росту гарадоў і з’яўлення на рацэ вялікіх караблёў і баржаў, якія выцеснілі ранейшыя маламерныя судны, з пачатку ХХ стагоддзя пачынаюцца маштабныя гідратэхнічныя працы, у выніку якіх на рацэ з’явілася мноства дамбаў, плацін, шлюзаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў.
Сучаснае развіццё басейна Місісіпі прывяло да шэрагу экалагічных праблем, сярод якіх адной з найбуйнейшых з’яўляецца праблема забруджвання вод ракі сельскагаспадарчымі сцёкамі, што прывяло да ўзнікнення так званай «мёртвай зоны» (англ.: Dead zone) Мексіканскага заліва. У апошнія гады адзначана няўхільнае зрушэнне Місісіпі да рукава Атчафалая ў дэльце ракі, што можа прывесці да катастрафічных наступстваў для портаў у дэльце, такіх як Новы Арлеан. Сістэма дрэнажаў і перамычак дазваляе стрымліваць гэты працэс, аднак з-за працэсаў вынасу грунта і эрозіі зрушэнне год ад года становіцца ўсё больш відавочным.