Ліві́йскі кры́зіс[1][2] (араб. الأزمة الليبية) — серыя ўзброеных канфліктаў падчас барацьбы за палітычную ўладу ў Лівіі. Падзеі пачаліся як частка Арабскай вясны з выступленняў супраць лідара краіны Муамара Кадафі, пасля звяржэння якога разгарэлася супрацьстаянне ўнутры былой апазіцыі. Канфлікты ахоплівалі некалькі бакоў, якія ваявалі з прычыны этнаплемянных, палітычных, ідэалагічных і эканамічных рознагалоссяў, пад моцным уплывам замежных сіл. Баявыя дзеянні прывялі да нестабільнасці па ўсёй краіне, дзясяткаў тысяч ахвяр, зніжэння аб’ёму вытворчасці ў найважнейшай нафтавай прамысловасці. У гэты перыяд Лівія фактычна перастала існаваць як дзяржава[3]. Ускосны ўрон быў панесены таксама іншым краінам, пацярпелым ад наплыву мігрантаў і тэрарыстычнай пагрозы. Крызіс паказаў спрэчнасць выкарыстання міжнародных ваенных інтэрвенцый, прадэманстраваў неэфектыўнасць афіцыйнай дыпламатыі і неабходнасць стварэння нефармальных дыялогавых арганізацый, якія дзейнічалі б сумесна з ААН. Наступствы грамадзянскай вайны ў Лівіі сталі міжнароднай праблемай і запатрабавалі сумеснага рашэння[4].
Хуткія факты Лівійскі крызіс, Дата ...
Лівійскі крызіс |
---|
Карта Лівіі з пазначэннем гарадоў і гістарычных абласцей. |
Дата |
15 лютага 2011 — 23 кастрычніка 2020 |
Месца |
Лівія і прыгранічныя тэрыторыі суседніх дзяржаў |
Прычына |
- • канфлікт паміж плямёнамі Трыпалітаніі, Фецана і Кірэнаікі
- • унутраны перадзел рэсурсаў і сфер уплыву
- • палітычныя рэпрэсіі
- • наступствы эканамічных санкцый і павольная лібералізацыя эканомікі
- • уплыў Арабскай вясны і замежных дзяржаў
|
Вынік |
мірнае пагадненне ў Жэневе, рэжым спынення агню, пачатак працэсу аб’яднання краіны, фарміраванне часовага ўрада на чале з Мухамедам Юнісам Манфі, зацвярджэнне даты ўсеагульных выбараў |
Праціўнікі |
Розныя ваенныя падраздзяленні, групоўкі, атрады, дзяржаўныя органы, фракцыі, плямёны, замежныя дзяржавы і іх узброеныя сілы.
| Розныя ваенныя падраздзяленні, групоўкі, атрады, дзяржаўныя органы, фракцыі, плямёны, замежныя дзяржавы і іх узброеныя сілы.
|
|
Агульныя страты |
40—65 тысяч чалавек загінулі[⇨] |
|
|
Закрыць
У крызісе вылучаюцца тры асобныя этапы. На першым этапе (2011) ішла грамадзянская вайна паміж урадам Муамара Кадафі і сіламі лівійскай апазіцыі, што пры падтрымцы замежных інтэрвентаў завяршылася звяржэннем дзеючага рэжыму[⇨]. У другі этап (2012—2014) адбыўся фактычны распад краіны на шэраг самастойных утварэнняў, працягваліся ваенныя сутыкненні паміж рознымі фракцыямі і групоўкамі[5][⇨]. Іх барацьба прывяла да стварэння двух лівійскіх урадаў у гарадах Трыпалі і Табрук, з чаго пачаўся трэці этап (2014—2020)[6][7][⇨]. На такім фоне набралі сілу розныя ісламарадыкальныя групоўкі, найбольш моцнай з якіх стала «Ісламская дзяржава»[⇨]. Бакамі канфлікту і міжнароднай супольнасцю былі зроблены шматлікія спробы пакласці канец ваенным дзеянням і аб’яднаць краіну[⇨]. Толькі ў 2020—2021 гадах атрымалася дасягнуць рэальнага перамір’я, адначасова сфармаваўшы адзіны часовы ўрад. Тым не менш сітуацыя ў Лівіі застаецца напружанай з-за прысутнасці замежных узброеных фарміраванняў і жадаючых працягнуць вайну[⇨].