Ефрасіння Полацкая
праваслаўная і ўніяцкая святая / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ефрасі́ння По́лацкая[заўв 1], або Еўфрасі́ння, свецкае імя Прадсла́ва (магчыма, 5 студзеня 1104[3]:45—47, Полацкая зямля — 23 мая 1167[3]:99, Іерусалім, Іерусалімскае каралеўства) — ігумення. Першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой (1547), пасля прылічаная да святых (1893).
Ефрасіння Полацкая | |
---|---|
| |
Свецкае імя | Прадслава |
Дата нараджэння | каля 1104[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 мая 1167[2] ці 25 мая 1173[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Манаскае імя | Ефрасіння |
Шануецца | у Праваслаўнай царкве, у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве |
У ліку | прападобных |
Галоўная святыня | мошчы ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры |
Дзень памяці | 23 мая (5 чэрвеня) |
Заступніца | жаночага манаства, Беларусі |
Бацька | Святаслаў Усяславіч |
Маці | Сафія[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве таемна пайшла ў манастыр і такім чынам адмовілася ад шлюбу. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала паблізу Полацка жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы Полацкай зямлі. На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская». У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме[4].
Звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні ў крыніцах няма. Аснова гістарыяграфіі — яе «Жыціе», а іканаграфіі — напісаная да кананізацыі ікона, якая не захавалася да цяперашняга часу і згадваецца ў крыніцы XIX ст. Ефрасіння на іконе апісана як «подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». Найстаражытнейшай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія XVI ст., зробленая з даўняга арыгінала[5].
У спісах XVI—XVIII стст. захаваліся царкоўныя спевы, прысвечаныя Ефрасінні; адна сціхіра вядома ў рукапісе канца XII ст. — унікальны помнік музычнай культуры ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі[5].