Ансамбль Віленскага ўніверсітэта
Архітэктурны комплекс у Вільнюсе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Анса́мбль Ві́ленскага ўніверсітэ́та — архітэктурны комплекс у Вільнюсе, які займае амаль увесь квартал Старога горада, акрэслены межамі вуліц Універсітэта, Шв. Ёна, Пілес і Скапа; помнік культуры і гісторыі, у формах якога адлюстроўваюцца пераважныя ў Літве пры фарміраванні комплексу архітэктурныя стылі — готыка, рэнесанс, барока, класіцызм. У стварэнні найбуйнейшага і самага складанага архітэктурнага ансамбля Старога горада на працягу чатырох стагоддзяў прымалі ўдзел найлепшыя архітэктары Літвы.
Ансамбль прадстаўляе Літву ў парку Міні-Еўропа ў Бруселі, сярод найбольш выбітных еўрапейскіх славутасцяў.[1] Наведванне гэтага комплексу ўваходзіць у праграмы турыстычных экскурсій і візітаў кіраўнікоў дзяржаў і іншых высокіх гасцей ў Літву. Напрыклад, яго наведвалі Далай лама (2001), Папа Рымскі Ян Павел II (2003), каралева Нідэрландаў Беатрыкс (2008). У кастрычніку 2006 года ўніверсітэт наведалі каралева Вялікабрытаніі Елізавета II, герцаг Эдынбургскі Філіп і прынц Чарлз у суправаджэнні прэзідэнта Валдаса Адамкуса.[2] У маі 2009 года ва ўніверсітэцкіх будынках і дварах пабывала іспанская каралеўская пара Хуан Карлас I і каралева Сафія.[3] У сакавіку 2010 года ўніверсітэт падчас свайго афіцыйнага візіту наведаў прэзідэнт Славеніі Даніла Цюрк з жонкай.[4]