Агамічнае пісьмо
From Wikipedia, the free encyclopedia
Агамі́чнае пісьмо (стар.-ірл. ogam, вымаўл. [ˈɔɣam]) — раннесярэдневяковая алфавітная сістэма пісьма, якая ўжывалася ў асноўным для запісу архаічнаірландскай мовы, а таксама яе пазнейшае формы, старажытнаірландскай мовы. Да цяперашняга часу дайшло прыкладна 400 помнікаў ранніх форм агамічнага пісьма, знойдзеных на тэрыторыі вострава Ірландыя і захаду Вялікабрытаніі, большасць з іх сканцэнтравана на поўдні Ірландыі, у той час як найбольшая колькасць помнікаў агамічнага пісьма па-за Ірландыяй назіраецца ў графстве Пембрукшыр, што на захадзе Уэльса[1][2][3].
Пераважная большасць надпісаў агамічнымі пісьмом зроблена на камені і складаецца з асабістых імён. Акрамя архаічнаірландскай і старажытнаірландскай моў, пісьмо таксама выкарыстоўвалася для перадачы назваў народаў, з якімі кантактавалі старажытныя гэлы (продкі ірландцаў), з прычыны чаго помнікі агамічнага пісьма таксама маюць надпісы на старажытнаскандынаўскай, старажытнавалійскай, лацінскай і пікцкай мовах.
Часам агамічнае пісьмо згадваецца пад тэрмінам «кельцкі дрэвавы алфавіт», які заснаваны на познесярэдневяковай гэльскай традыцыі атаясамлівання кожнай літары з пэўным дрэвам, вядомай як брыхарогам (стар.-ірл. Bríatharogam).