Ізато́пы (ад грэч. ισος — «роўны», «аднолькавы», і τόπος — «месца») — разнавіднасці хімічнага элемента, якія маюць аднолькавую колькасць пратонаў у ядры, але адрозніваюцца масавым лікам (масай ядзер) па прычыне рознай колькасці нейтронаў у ядры.
Хуткія факты Асноўныя тэрміны, Распад ядраў ...
Закрыць
Сукупны лік пратонаў Z і нейтронаў N у ядры (абагульняючая назва — нуклоны): А = Z + N вызначае масу ядра і цэлага атама і называецца масавым лікам атама. Масавы лік ізатопа запісваецца зверху злева перад хімічным сімвалам элемента, або пасля яго назвы: гелій-3, гелій-4 і т.п.
Колькасць нейтронаў N у ядры атама з фіксаваным Z можа розніцца, але ў пэўных межах, ад чаго залежыць стабільнасць ці нестабільнасць ядра, тып радыеактыўнага распаду, спін, магнітны дыпольны момант, электрычны квадрупольны момант ядра і некаторыя іншыя яго ўласцівасці. Таму ізатопы розняцца па фізічных уласцівасцях. Хімічныя ўласцівасці атамаў вызначаюцца зарадам ядра і амаль не залежаць ад яго масы. Таму, ізатопы маюць ідэнтычныя хімічныя ўласцівасці.
Адрозніваюць стабільныя ізатопы, ядры якіх існуюць нязменнымі доўгі час, і нестабільныя — радыеактыўныя, якія ператвараюцца ў іншыя элементы ў працэсах радыеактыўнага распаду. Значныя адрозненні ў колькасці стабільных ізатопаў у розных хімічных элементаў абумоўленыя складанасцю залежнасці паміж энергіяй сувязі ядра і колькасцю ў ім пратонаў і нейтронаў.
Элементы з няцотнымі Z маюць не больш за два стабільныя ізатопы. Большасць элементаў з цотным Z мае некалькі стабільных ізатопаў. Найбольш ізатопаў (10) мае волава, 9 — ксенон, 8 — кадмій і тэлур. Шмат элементаў мае 7 ізатопаў. Ядры стабільных ізатопаў і радыеактыўных ізатопаў, устойлівых да бэта-распаду, утрымліваюць на кожны пратон не менш аднаго нейтрона (выключэнне — і ). Пры павелічэнні зарада ядра суадносіны нейтронаў і пратонаў мяняюцца і дасягаюць 1,6 для ўрану і трансуранідаў.
На сакавік 2017 года вядома 3437 ізатопаў усіх элементаў[1].