Хендрык Антон Лорэнц
From Wikipedia, the free encyclopedia
Хе́ндрык (часта пішацца Ге́ндрык) Антон Ло́рэнц (нідэрл.: Hendrik Antoon Lorentz; 18 ліпеня 1853, Арнем, Нідэрланды — 4 лютага 1928, Харлем, Нідэрланды) — нідэрландскі фізік-тэарэтык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1902, сумесна з Пітэрам Зееманом) і іншых узнагарод, член Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук (1881), шэрагу замежных акадэмій навук і навуковых таварыстваў.
Лорэнц вядомы найперш сваімі працамі ў вобласці электрадынамікі і оптыкі. Аб’яднаўшы канцэпцыю непарыўнага электрамагнітнага поля з уяўленнем аб дыскрэтных электрычных зарадах, якія ўваходзяць у склад рэчыва, ён стварыў класічную электронную тэорыю і прымяніў яе для рашэння мноства асобных задач: атрымаў выраз для сілы, з якой электрамагнітнае поле дзейнічае на зарад пры яго руху (сіла Лорэнца), вывеў формулу, якая звязвае паказчык пераламлення рэчыва з яго шчыльнасцю (формула Лорэнца — Лорэнца), распрацаваў тэорыю дысперсіі святла, растлумачыў шэраг магнітааптычных з’яў (у прыватнасці, эфект Зеемана) і некаторыя ўласцівасці металаў. На аснове электроннай тэорыі вучоны развіў электрадынаміку асяроддзяў пры руху, у тым ліку выказаў гіпотэзу аб скарачэнні цел у кірунку іх руху (скарачэнне Фіцджэральда — Лорэнца), увёў паняцце «мясцовы час», атрымаў рэлятывісцкі выраз для залежнасці масы ад хуткасці, вывеў суадносіны паміж каардынатамі і часам у інерцыяльных сістэмах адліку, якія рухаюцца адносна адна адной (пераўтварэнні Лорэнца). Працы Лорэнца спрыялі станаўленню і развіццю ідэй спецыяльнай тэорыі адноснасці і квантавай фізікі. Акрамя таго, ён атрымаў шэраг істотных вынікаў у тэрмадынаміцы і кінэтычнай тэорыі газаў, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі цеплавога выпраменьвання.