Паўночна-Заходні край
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўно́чна-Захо́дні край, або паўно́чна-захо́днія губе́рні, (рус. Северо-Западный край, або северо-западные губернии; польск.: Kraj Północno-Zachodni) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні). Тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні») пачаў першапачаткова ўжывацца ва ўрадавай тэрміналогіі ў адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) як жаданне паказаць не толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель (Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губерняў). Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не распаўсюджваўся на Віцебскую і Магілёўскую губерні. Да пачатку 1860-х гг. часцей за ўсё ў расійскай урадавай тэрміналогіі «паўночна-заходнія губерні» не вылучаліся асобна, а разам з «беларускімі» (Віцебскай і Магілёўскай губернямі) і «паўднёва-заходнімі губернямі» («Паўднёва-Заходнім краем» — Кіеўскім ваенным генерал-губернатарствам) прадстаўляліся сукупна і фігуравалі пад агульнай назвай «заходнія губерні» (ці «Заходні край»). Падпарадкаванне ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў уладзе віленскага ваеннага генерал-губернатара распаўсюдзіла тэрмін «Паўночна-Заходні край» і на гэтыя («беларускія») губерні, што захавалася нават пасля выхаду ў 1869 г. Віцебскай і Магілёўскай губерняў з-пад улады віленскага генерал-губернатара. У расійскай імперскай ідэалогіі і ідэалогіі «заходнерусізму» тэрмін «Паўночна-Заходні край» фактычна абазначаў паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расію»), што асабліва пачало прапагандавацца пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Акрамя таго, замацаванне з 1860-х гг. за шасцю губернямі (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) назвы «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»), нават пасля скасавання ў 1912 г. Віленскага генерал-губернатарства, фактычна было прызнаннем, што гэтая тэрыторыя з’яўляецца землямі былога Вялікага Княства Літоўскага і мае падобныя агульныя рысы ва ўсіх адносінах, што і адлюстроўвалася, адпаведна, у спецыфіцы кіравання і рэжыме законаў у гэтых губернях. З 1830-х гг. спецыфіка кіравання і рэжым законаў у паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губернях паступова набывалі выразна русіфікатарскі і дыскрымінацыйны характар у адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі). Плошча Паўночна-Заходняга края (шасці губерняў — Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай) у пачатку XX ст. складала 260 490 квадратных рускіх вёрст (ці 266 978 квадратных дзесяцін)[1]. Цэнтрам Паўночна-Заходняга края лічылася Вільня.