Краёўцы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Краё́ўцы (польск.: Krajowcy, руск.: Краёвцы) — палітычная плынь першага дваццацігоддзя XX ст. у Беларусі і Літве, дзеячы якой (галоўным чынам, карэннае каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі) сумяшчалі ў сваёй праграме аўтанамісцкія («краёвыя»), ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі[1]. Цэнтральнай ідэяй «краёўцаў» было ўвядзенне ў Расійскай імперыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай аўтаноміі кіравання сваім «Краем» (з мясцовым парламентам у Вільні)[2], што, на думку «краёўцаў», было патрэбна для лепшага развіцця «края», а пазней (у сувязі з ваенна-палітычным крызісам у Расійскай імперыі ў час Першай сусветнай вайны) трансфармавалася ў ідэю дзяржаўнай самастойнасці зямель былога Вялікага Княства Літоўскага[3]. Ідэалогія «краёўцаў» атрымала назву «краёвасць» (альбо «краёвая канцэпцыя», «краёвая ідэя») і грунтавалася на ідэі грамадзянскай нацыі, паводле якой усе карэнныя жыхары літоўска-беларускага краю (зямель былога Вялікага Княства Літоўскага), незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці, з'яўляюцца «грамадзянамі краю» і павінны супольна працаваць на яго развіццё, росквіт і палітычную суб'ектнасць. Пашырэнню руху «краёўцаў» спрыяла далучэнне да яго — лідараў розных этнакультурных і этнапалітычных рухаў літоўска-беларускіх губерняў (як правіла — інтэлігенцыі), якія сфармавалі ліберальна-дэмакратычную плынь руху (побач з першапачатковай ліберальна-кансерватыўнай плынню, прадстаўленай сярэднезаможным і заможным дваранствам). Рух краёўцаў у міжваенны перыяд (1918—1939) трансфармаваўся і ў новым выглядзе меў сваіх пераемнікаў у Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы).