Нарвежская лютэранская царква
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нарвежская лютэранская царква (НЛЦ), Царква Нарвегіі (ЦН) (букмал: Den norske kirke, нюнорск Den norske kyrkja, пн.-саамск.: Norgga girku, пд.-саамск.: Nöörjen gærhkoe) — найбуйнейшая рэлігійная суполка ў Нарвегіі[2], адносіцца да пратэстанцкай канфесіі лютэранскага толку. Абшчына стала набыла статус дзяржаўнай у Нарвегіі пасля расколу большасці дацка-нарвежскага рыма-каталіцкага духавенства з Каталіцкай Царквой, а кароль Дацка-нарвежскай уніі стаў кіраўніком нарвежскай і дацкай хрысціянскай абшчыны з 1537 года[3]. Гістарычна царква была адным з галоўных інструментаў каралеўскай улады і афіцыйнай улады, а таксама важнай часткай дзяржаўнага кіравання; мясцовае самакіраванне грунтавалася на прыходах са значнай афіцыйнай адказнасцю, якую нёс пастар. З даты ўтварэння і да 1814 года, Нарвежская лютэранская царква фактычна была часткай Дацкай лютэранскай царквы.
Канфесія | Пратэстантызм (Лютэранства) |
---|---|
Вярхоўны глава | Манарх Нарвегіі (фармальна з 2017 года — епіскап-прэсэс; Улаф Фіске Твейт (2021)) |
Пагадненні | ССЦ, СЛФ, КЕЦ, ПС |
Тэрыторыя | Нарвегія і некалькі прыходаў за мяжой |
Заснавальнік | Крысціян ІІІ |
Дата заснавання | 1537 |
Адлучыліся ад | Каталіцкай Царквы, дакладней ад Рыма-Каталіцкай Царквы |
Адлучыліся | Паўночная каталіцкая царква (не блытаць з Каталіцкай Царквой, бо гэтая царкоўная абшчына адносіцца да «старакаталіцтва») |
Служыцеляў | Каля 1200 пастараў, з іх 25% жанчын (з 1961 года) (2015) |
Членаў | 3 655 556 (2020)[1] |
Афіцыйны сайт | http://www.kirken.no/ |
У ХІХ і ХХ стагоддзях яна паступова саступіла большасць адміністрацыйных функцый свецкай уладзе. Сучасная канстытуцыя Нарвегіі апісвае абшчыну як «народную царкву» краіны і патрабуе, каб кароль Нарвегіі быў яе сябрам[4][5][6][7]. Гэта, безумоўна, самая вялікая рэлігійная арганізацыя ў Нарвегіі; да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, дзяржаўная НЛЦ мела амаль поўную манаполію на рэлігію ў Нарвегіі. Гэта была адзіная законная рэлігійная арганізацыя ў Нарвегіі, сяброўства ў якой было абавязковым для кожнага подданага каралеўства, і нікому, акрамя пастараў дзяржаўнай царквы, не дазвалялася склікаць рэлігійныя сходы. Пасля прыняцця Закона «Аб раскольніках» 1845 года, дзяржаўная царква захавала сваё юрыдычна прывілеяванае становішча, у той час як рэлігійным суполкам меншасцей, такім як каталікі, было дазволена заставацца ў Нарвегіі і па закону называцца «раскольнікамі»[2][8]. Царкоўныя служачыя былі дзяржаўнымі службоўцамі з часоў расколу з Рымам да 2017 года, калі абшчына стала юрыдычнай асобай, асобнай ад дзяржаўнай адміністрацыі. Нарвежская лютэранская царква канкрэтна згадваецца ў канстытуцыі 1814 года і падпадае пад дзеянне закона «Аб царкве». Па закону, камуны абавязаны падтрымліваць дзейнасць прыходаў і ўтрымліваць культавыя будынкі і двары. Іншыя рэлігійныя абшчыны маюць права на той жа ўзровень дзяржаўных субсідый, што і НЛЦ[9].
Сёння Нарвегія з’яўляецца адной з 9 краін Еўропы (і адна з 4 (не ўлічваючы Андору) краін у Еўропе, дзе кіраўнік дзяржавы адначасова з’яўляецца кіраўніком царквы), дзе няма падзелу дзяржавы і царквы і такім чынам, Нарвегія не з’яўляецца свецкай дзяржавай, хаця фармальна з 2017 года ролю манарха замяніў епіскап-прэсэс і рэлігія аддзялілася ад дзяржавы.
Па стане на 2015 год, Нарвежская лютэранская царква налічвала каля 1200 пастараў, сярод якіх каля 25 % — жанчыны (жанчын пачалі ставіць у пастары з 1961 года), 11 дыяцэзій, 106 пробстваў (дэканатаў), каля 1600 цэркваў і капліц і каля 1200 дзеючых прыходаў.