Гру́нвальдская бі́тва, або Бі́тва пад Гру́нвальдам 15 ліпеня 1410 года — бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (Ягайла і Вітаўт; 31,5 тыс.ч.[заўв 1]) і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна (Ульрых фон Юнгінген; 27 тыс.ч., гарматы[заўв 1]), якая адбылася ў час Вялікай вайны (1409—1411) недалёка ад вёсак Грунвальд, Таненберг і Ладвігова (Усходняя Прусія, сучасная Польшча).
Хуткія факты Грунвальдская бітва, Дата ...
Закрыць
Поўную перамогу, пасля цэлага дня сечы, узяло саюзнае войска Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска.
Палітычнае значэнне бітвы было вельмі важным у гісторыі Польскага Каралеўства і ВКЛ — была спынена нямецкая экспансія на прыбалтыйскія і ўсходнеславянскія землі і пакладзены пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна. Эканоміка ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі, а значыць, і ў Еўропу.