Нарказалежнасьць
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нарказале́жнасьць (наркаманія; грэц. νάρκη + μᾰνία — «здранцьвеньне» + «вар’яцтва») — устойлівае ўжываньне наркотыкаў, што выклікае разлад абмену рэчываў, страўнікава-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нэрвовай сыстэмаў. Ужываньню наркотыкаў спрыяюць нізкая самаацэнка, душэўны разлад і правапарушэньні. Найбольшую схільнасьць маюць падлеткі і моладзь. Хвароба адмяжоўвае ад рэчаіснасьці, разбурае пачуцьцё адказнасьці і абавязку, выклікае схільнасьць да хлусьні, сябелюбства, рабунку і гвалту. Суправаджаецца павышанай пагрозай заражэньня гепатытам, сухотамі і ВІЧ (СНІД). Скарачэньню жыцьця хворых спрыяюць перадазіроўка, заражэньне крыві і спробы самагубства. Дзеці ў захварэлых часьцей нараджаюцца зь цялеснымі і душэўнымі адхіленьнямі і разладамі[1]. Лячэньне ажыцьцяўляецца цягам 2—4 гадоў пры дапамозе зьмены ўстановак(en) пад наглядам псыхоляга і псыхатэрапэўта[2].