Музыка
форма мастацтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Му́зыка (па-грэцку: μουσική musikē — мастацтва муз[1]) — мастацтва інтанацыі; музычны твор. Мастацкая дзейнасьць у музыцы накіраваная на гукавы матэрыял (гук музычны) — асобныя гукі або гукавыя комплексы (гарманічныя пасьлядоўнасьці, рытмічныя постаці, мэлядычныя інтэрвалы, лады, танальнаьсці, санарныя эфэкты й г.д.), які арганізуецца ў вышынным, часовым, тэмбравым, гучнасным і іншых суадносінах з мэтай увасабленьня адмысловай вобразнай думкі, якая асацыюе станы й працэсы вонкавага сьвету, унутраныя перажываньні чалавека са слыхавымі ўражаньнямі (мастацкая выява). Падобны гукавы матэрыял утварае гукавыя сыстэмы, якія грунтуюцца на законах акустыкі й фізыялёгіі слыху.
Стварэньне, выкананьне, значнасьць і нават вызначэньне музыкі вар’іруецца ў залежнасьці ад культуры й сацыяльнага кантэксту. Музыка можа існаваць у выглядзе строга арганізаваных кампазыцыяў ці ў якасьці імправізацыйнай формы. Музыка можа быць падзелена на жанры й паджанры, хоць лініі падзелу адносна музычных жанраў часьцяком даволі тонкія, часам зьяўляюцца асабістай інтэрпрэтацыяй, што часам выклікае спрэчным наконт прыналежнасьці кампазыцыі да аднаго ці іншага жанру.
Музычным можа быць практычна любы гук з пэўнымі акустычнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць эстэтыцы той ці іншай эпохі, і можа быць прайграным пры выкананьні музыкі. Крыніцамі такога гуку, могуць быць, як то чалавечы голас, музычныя інструмэнты, электрычныя генэратары й іншыя сродкі.