Гульня
забаўляльная дзейнасьць / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гульня — від непрадуктыўнай дзейнасьці, зьвязаны зь дзеяньнямі, абмежаванымі правіламі, якія накіраваныя на стварэньне, разьвіцьцё і падтрымку працэсу ў вызначаных межах. Задача працэсу — даставіць удзельнікам шэраг перажываньняў і эмоцыяў, даць працэсы, у якіх можна набыць новы досьвед празь непасрэдны практычны ўдзел. У жывёлаў імкненьне гуляць назіраецца ў ювэнільным пэрыядзе і зьнікае з часам сталеньня. Чалавек у гэтым адрозьніваецца ад іншых жывёлаў тым, што захоўвае гульнявыя паводзіны доўга пасьля сканчэньня ювэнільнага этапу разьвіцьця.
Гульню варта адрозьніваць ад працы, якая звычайна праводзіцца за заробак, і ад мастацтва, якое часьцей за ўсё есьць выразам эстэтычных і ідэалягічных элемэнтаў чалавека. Тым ня менш, адрозненьне паміж імі не зьяўляецца дакладнымі, і многія гульні таксама лічацца працай, як то прафэсійныя віды спорту, або мастацтвам, як то пазлы і іншыя гульні.
Гульні звычайна зьвязаны з разумовай ці фізычнай стымуляцыяй, а часьцей і з адным і другім. Многія гульні дапамагаюць разьвіць практычныя навыкі, служаць формай фізычных практыкаваньняў ці іншым чынам выконваюць адукацыйную, сымуляцыйную або псыхалягічную ролю. Многія гульні паўсталі са старажытных часоў з абрадаў, але ў бытаваньні яны на сёньня не ўспрымаюцца як сродак былых вераваньняў, а як сродак адпачынку і здабыцьця карысных навыкаў.