Адукацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Адукацыя (асьвета, лац. educatio — выхаваньне) — працэс і вынік набыцьця сыстэматызаваных ведаў, уменьняў і навыкаў у навучальных установах або самаадукацыяй. У больш шырокім пляне адукацыя — гэта культурна-адукацыйная прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навучальна-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сацыяльна-пэдагагічную інфармаструктуру, адукацыйныя працэсы на вытворчасьці і ў грамадзка-культурным жыцьці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафэсійна-кваліфікацыйны патэнцыял народу.
- Ня варта блытаць з «Адукацыяй» — асьветным таварыствам у Віцебску.
У шырокім сэнсе слова, адукцыя — працэс ці прадукт «…фармаваньня розуму, характару ці фізычных здольнасьцяў асобы… У тэхнічным сэнсе адукацыя — гэта працэс, пасродкам якога грамадзтва праз школы, коледжы, унівэрсытэты і іншыя інстытуты мэтанакіравана перадае сваю культурную спадчыну — назапашаныя веды, каштоўнасьці і навыкі — ад аднаго пакаленьня іншаму»[1].
Права на адукацыю ў цяпершані час зацьверджана нацыянальнымі і міжнароднымі прававымі актамі, напрыклад, Эўрапейскай канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў і Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, прынятым ААН у 1966 годзе.
Усьведамленьне магчымасьцяў выкарыстаньня абавязковай адукацыі як сродка абязьлічваньня чалавека выклікала ў дэмакратычнай супольнасьці разьвіцьцё руху за недзяржаўную і нават сямейную адукацыю, за большую долю курсаў па адказнаму выбару навучэнца (пры ўдзеле бацькоў і пэдагогаў) у праграме сярэдніх агульнаадукацыйных школаў (то бок пасьля сканчэньня пачатковай школы), падтрымку самаадукацыі, неперарыўнай адукацыі цягам усяго дзейснага жыцьця чалавека (па меры ўзьнікненьня адукацыйнай патрэбы), пазашкольнай, дыстанцыйнай і дадатковай адукацыі.