Ігар Стравінскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
І́гар Фё́даравіч Страві́нскі (па-расейску: Игорь Фёдорович Стравинский; 17 чэрвеня [ст. ст. 5 чэрвеня] 1882 — 6 красавіка 1971) — расейскі кампазытар, дырыгент і піяніст, адзін са славутых і ўплывовых прадстаўнікоў сусьветнай музычнай культуры XX стагодзьдзя. Перазахаваны ў Вэнэцыі на могілках Сан-Мікеле.
Творчасьць Стравінскага адрозьнівалася стылістычнай разнастайнасьцю. Сусьветную вядомасьць Стравінскі займеў, напісаўшы тры балеты на прапанову антрэпрэнэра Сяргея Дзягілева для пастаноўкі ягонай трупай «Рускі балет С. П. Дзягілева» (Ballets russes): «Жар-птушка» (1910), «Пятрушка» (1911) і «Вясна сьвятая» (1912). Дзякуючы апошняму зь іх, Стравінскага нараклі рэвалюцыянэрам у музыцы за пашырэньне рамак складаньня музыкі і за іншы погляд на рытмічную структуру музычнага твору. У 1920-х гадох, пасьля «расейскага пэрыяду» творчасьці, Стравінскі зьвярнуўся да нэаклясыкі — творы гэтага пэрыяду часьцей выконваліся ў традыцыйных формах (канчэрта гроса, сымфоніі і фугі) і ўзгадвалі ранейшых вялікіх кампазытараў, як то Баха і Чайкоўскага.