Элінізм
From Wikipedia, the free encyclopedia
Элінізм (ад грэч. Hellēn) — перыяд гісторыі Усходняга Міжземнамор'я, Пярэдняй Азіі і Прычарнамор'я з часу заваёваў Аляксандра Македонскага (334—324 да н.э.) да 30 да н.э.
Тэрмін быў уведзены нямецкім даследчыкам І. Г. Дройзенам у працы «Гісторыя элінізму» (1836—1843), і пачаткова азначаў пашырэнне грэчаскай культуры на Усход без уліку змяненняў у сацыяльна-эканамічным жыцці ў эпоху элінізму.
Асаблівасцю эліністычнага перыяду з'явілася шырокае распаўсюджванне грэчаскай мовы і культуры на тэрыторыях, што ўвайшлі ў склад дзяржаў дыядохаў, якія ўтварыліся пасля смерці Аляксандра Македонскага на заваяваных ім тэрыторыях, і ўзаемапранікненне грэчаскай і ўсходніх — у першую чаргу персідскай — культур, а таксама ўзнікненнем класічнага рабства.
Пачатак эліністычнай эпохі характарызуецца пераходам ад поліснай палітычнай арганізацыі да спадчынных эліністычных манархій, зрушэннем цэнтраў культурнай і эканамічнай актыўнасці з Грэцыі ў Малую Азію і Егіпет.
Да эліністычных дзяржаў належалі: Егіпет Пталамеяў («Егіпецкае царства»), дзяржава Селеўкідаў («Сірыйскае царства»), Македонія, Пергам, Родаская дзяржава, Пантыйскае царства (Понт), Парфянскае царства (Парфія), Грэка-Бактрыйскае царства, Арменія, на пэўным этапе — Баспорская дзяржава (Баспор). Пасля таго, як Рым пачаў заваёвы на Усходзе (2 ст. да н.э.), паслабелыя да таго часу дзяржавы паступова траплялі ў да яго ў залежнасць. У 30 да н.э. была падпарадкавана апошняя з іх — Егіпет.