Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску
арганізацыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
По́льскае тавары́ства «Асве́та» ў Мі́нску, Тавары́ства «Асве́та», альбо «Асве́та» (польск.: Polskie Towarzystwo «Oświata» w Mińsku) — грамадская арганізацыя, якая была заснавана ў 1905 і дзейнічала ў Мінску і на тэрыторыі Мінскай губерні Расійскай імперыі. Да 1907 таварыства дзейнічала ў канспірацыі, у 1907—1909 — легальна, пазней — зноў у канспірацыі (верагодна, аж да 1917).
Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску | |
---|---|
польск.: Polskie Towarzystwo «Oświata» w Mińsku | |
Краіна | |
Сядзіба | Мінск |
Тып арганізацыі | асветніцкая |
Афіцыйныя мовы | польская і руская |
Мечыслаў Пароўскі | |
Заснаванне | |
Заснаванне | 1905 |
Рэгістрацыя | 11 студзеня 1907 |
Ліквідацыя | |
Афіцыйнае самаскасаванне | 5 снежня 1909 |
пасля самаскасавання працягвала дзейнасць у канспірацыі да 20 красавіка (3 мая) 1917 |
Вызначальная роля ў стварэнні і фінансаванні таварыства належала членам самай уплывовай у канцы XIX — пачатку XX ст. грамадскай арганізацыі Мінскай губерні — Мінскаму таварыству сельскай гаспадаркі (МТСГ), якое згрупоўвала ў сваіх шэрагах, галоўным чынам, прадстаўнікоў карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства губерні, што менаваліся адначасова і як «літоўцы» (ці па-польску — «літвіны»), і як «палякі», лічачы сябе прамымі нашчадкамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага. У дзейнасці і развіцці таварыства значную ролю ігралі і жанчыны, што былі блізкімі сваячкамі членам МТСГ.
Задачай «Асветы» было выхаванне жыхароў Мінскай губерні (асабліва дзяцей) у духу «польскасці», каб супрацьстаяць русіфікацыі края, — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыства ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасці, афіцыйна дэкларуючы толькі асветніцка-культурныя мэты, але само распаўсюджанне польскай мовы і падтрымка каталіцызма выклікалі негатыўную рэакцыю і пераслед з боку афіцыйнай расійскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчанне з неафіцыйнай (пасля ўвядзення ў 1905 законаў аб верацярпімасці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай урада па русіфікацыі Заходняга края Расійскай імперыі. Гэта стала галоўным повадам самаскасавання таварыства ў 1909 і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы.