Паўднёвы полюс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўднё́вы по́люс — кропка перасячэння восі кручэння Зямлі з яе паверхняй у Паўднёвым паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на вышыні 2800 м[1]. Паўднёвы полюс нельга блытаць з Паўднёвым магнітным полюсам[2].
Паўднёвы полюс дыяметральна процілеглы Паўночнаму полюсу, размешчанаму ў Севернам Ледавітым акіяне. Любы іншы пункт паверхні Зямлі знаходзіцца заўсёды ў паўночным кірунку ў адносінах да Паўднёвага полюса[1]. Геаграфічныя каардынаты Паўднёвага полюса 90°00′00″ паўднёвай шыроты. Даўгаты полюс не мае, бо з’яўляецца пунктаў сыходжання ўсіх мерыдыянаў. Дзень, як і ноч, тут працягваецца прыблізна па паўгода[3].
Таўшчыня лёду ў раёне Паўднёвага полюса — 2840 метраў. Сярэднегадовая тэмпература паветра складае -48,9 °C (максімальная -12,3 °C, мінімальная -82,8 °C).
14 снежня 1911 Паўднёвага полюса дасягнула нарвежская экспедыцыя пад кіраўніцтвам Руаля Амундсена, спадарожнікамі якога былі Олафа Б’ёланда, Сверэ Хаселя, Хельмера Хансена і Оскара Вістынга, 17 студзеня 1912 года — англійская экспедыцыя Роберта Скота. У 1929 годзе амерыканец Р. Бэрд першым праляцеў на самалёце над Паўднёвым полюсам[2]. У 1958 годзе брытанска-новазеландская экспедыцыя В. Фукса і Э. Хілары ажыццявіла першы трансантарктычны санкава-гусенічны паход ад мора Уэдала праз Паўднёвы полюс да мора Роса.
З 1957 года на Паўднёвым полюсе дзейнічае навуковая станцыя ЗША Амундсен-Скот, але з-за руху льдоў у 2006 годзе станцыя знаходзілася прыкладна ў 100 метрах ад полюса. Пад ільдамі Паўднёвага полюса працуе дэтэктар высокаэнергічных нейтрына IceCube, які выкарыстоўвае ў якасці мішэні і чаранкоўскага радыятара 1 кубічны кіламетр празрыстага лёду на глыбіні ад 1450 да 2450 м.