Медан
горад у Інданезіі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Медан (індан.: Medan) — адміністрацыйны цэнтр і найбуйнейшы горад інданезійскай правінцыі Паўночная Суматра, размешчаны на поўначы правінцыі[3]. Бліжэйшыя Малакскі праліў, буйны порт Белаван і міжнародны аэрапорт Куаланаму робяць Медан рэгіянальным і мультыкультурным цэнтрам, які таксама выступае фінансавым асяродкам Суматры і варотамі ў заходнюю частку Інданезіі. Каля 60 % эканомікі Паўночнай Суматры апіраюцца на гандаль, сельскую гаспадарку і перапрацоўчую прамысловасць[4], у тым ліку экспарт з 4 мільёнаў акраў плантацый пальмавага алею. Нацыянальнае агенцтва планавання развіцця ўключыла Медан у лік чатырох галоўных гарадоў Інданезіі, нараўне з Джакартай, Сурабаяй і Макасарам[5][6].
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Паводле перапісу 2020 года, у межах горада Медан пражывала 2 435 252 чалавека[7][8]; афіцыйная ацэнка колькасці насельніцтва на сярэдзіну 2022 года складала 2 494 512 чалавека. З улікам прылеглай гарадской тэрыторыі насельніцтва складае больш за 3,4 мільёна чалавек, што робіць яго чацвёртай па велічыні гарадской агламерацыяй у Інданезіі[9]. Рэгіянальная агламерацыя Медана, у якую ўваходзяць суседні Бінджай, рэгенцтва Дэлісерданг і частка рэгенцтва Каро, з’яўляецца найбуйнейшай агламерацыяй за межамі Явы: па дадзеных перапісу 2020 года, у ёй пражывае 4 744 323 жыхара[10].
Горад быў заснаваны ў месцы зліцця рэк Дэлі і Бабура каронцам на імя Гуру Патымпус. Тады паселішча называлася Кампунг-Медан-Путры (Kampung Medan Putri) і было часткай султанату Дэлі, заснаванага ў 1632 годзе. У канцы ⅩⅨ стагоддзя нідэрландскія каланісты, якія шукалі новыя плошчы для плантацый, выбралі Медан і Дэлі для заснавання Дэлійскай тытунёвай кампаніі. За некалькі гадоў нідэрландскі гандаль тытунёвымі вырабамі ператварыў Медан у эканамічны цэнтр, за што ён атрымаў мянушку Het Land Dollar («зямля грошай»). Дэлійская чыгунка, створаная для дастаўкі тытуню, каўчуку, чаю, драўніны, пальмавага алею і цукру з Медана ў порт Белаван для наступнага экспарту па ўсім свеце, садзейнічала далейшаму хуткаму развіццю Медана. Горад спачатку быў сталіцай Дзяржавы Усходняя Суматра, а затым, у незалежнай Інданезіі, стаў цэнтрам правінцыі Паўночная Суматра.