Медальны залік на летніх Алімпійскіх гульнях 1896
From Wikipedia, the free encyclopedia
Медальны залік Летніх Алімпійскіх гульняў 1896 — рэйтынг каманд-удзельніц, складзены Міжнародным алімпійскім камітэтам, паводле колькасці медалёў, выйграных на Летніх Алімпійскіх гульнях 1896 года — першых Алімпійскіх гульнях у сучаснай эры — якія праводзіліся ў Афінах, Грэцыя, з 6 па 15 красавіка 1896. Усяго 241 спартсмен з 14 краін-удзельніц прымаў удзел у 43 спаборніцтвах па 9 відах спорту на гэтых гульнях[1].
Дзесяць з чатырнаццаці краін-удзельніц зарабілі медалі, у дадатак да трох медалёў, якія зарабілі змешаныя каманды, г.зн. каманды з спартсменаў з некалькіх краін. Каманда Злучаных Штатаў Амерыкі атрымала найбольшую колькасць залатых медалёў (11), а каманда Грэцыі, якая прымала Алімпійскія гульні, атрымала найбольшую колькасць медалёў у цэлым, а таксама найбольшую колькасць срэбных (17) і бронзавых (19) медалёў і на адзін залаты медаль менш, чым ЗША[2].
У пачатку Алімпійскіх гульняў у некалькіх камандных спаборніцтвах удзельнічалі спартсмены з розных краін[3]. Заднім лікам МАК стварыў тэрмін «Змешаная каманда» (з кодам краіны ZZX) для абазначэння гэтых груп спартсменаў. Некаторыя спартсмены заваявалі медалі і ў індывідуальных спаборніцтвах і ў складзе змешаных каманд, у выніку чаго ў афіцыйным рэйтынгу гэтыя медалі былі залічаныя розным камандам. Дыянісій Касдагліс, спартсмен грэчаскага паходжання, які жыў у Александрыі, Егіпет, лічыўся прадстаўніком Грэцыі падчас спаборніцтваў па тэнісе ў адзіночным разрадзе, аднак Касдагліс і яго партнёр, грэчаскі спартсмен Дымітрый Петракокінас, у парных спаборніцтвах па тэнісе лічыліся змешанай камандай[2].
Падчас першай Алімпіяды пераможцы атрымлівалі срэбны медаль і аліўкавую галіну, а спартсмены, якія займалі другія месцы — медны медаль і лаўровую галіну[4]. Заднім лікам МАК прызначыў залатыя, срэбныя і бронзавыя медалі для трох лепшых спартсменаў згодна з больш познімі традыцыямі[2]. Тры нічыйныя вынікі паміж спартсменамі прывялі да павялічэння колькасці медалёў краін-удзельніц: нічыі паміж Фрэнсісам Лэйнам з ЗША і Алаізам Сокалам з Венгрыі за трэцяе месца ў бегу на 100 метраў, паміж Евангеласам Дамаскасам і Іаанісам Тэадаропуласам з Грэцыі ў скачках з шастом і паміж Канстантынасам Паспатысам з Грэцыі і Мамчылам Тапавіцам з Венгрыі ў адзіночным тэнісе. Акрамя таго, бронзавыя медалі не былі прызначаныя ў шэрагу спаборніцтваў, дзе наогул не было разыграна трэцяе месца[4][5].