Маршалак вялікі літоўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Маршалак вялікі літоўскі (да Люблінскай уніі 1569 маршалак земскі літоўскі) — адна з цэнтральных пасад у Вялікім Княстве Літоўскім. Кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, найвышэйшых урадоўцаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекай манарха, прызначаў дваранаў. Фактычна выконваў функцыі сучаснага міністра ўнутраных спраў.
Пасада ўтварылася ў час праўлення вялікага князя Ягайлы, відаць, у 1398.
У Рэчы Паспалітай фармальна лічыўся роўны маршалку вялікаму кароннаму і выконваў такія самыя абавязкі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Аднак у іерархіі саступаў кароннаму маршалку. Мог выконваць абавязкі кароннага маршалка ў яго адсутнасць. Пасля Люблінскай уніі (1569) засядаў у Сенаце.