Кембрыйскі перыяд
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кембрый (Кембрыйскі перыяд, Кембрыйская сістэма) — геалагічны перыяд, з яго пачынаецца Палеазой. Пачаўся каля 542±1 млн гадоў таму, скончыўся 488±2 млн. гадоў таму, працягваўся прыкладна 51—57 млн. гадоў. Кембрыйская сістэма ўпершыню вылучаная ў 1835 г. даследчыкам А. Сэджвікам і атрымала назву ад рымскага наймення Уэльса — Cambria. Ён вылучыў 3 аддзелы кембрыя. Міжнародная камісія па стратыграфіі прапанавала з 2008 года ўвесці 4 аддзел.
Кембрыйскі перыяд, паводле іншых крыніц, пачаўся прыкладна 570 млн. гадоў назад, магчыма, некалькі раней, і працягваўся 70 млн гадоў. Пачатак гэтаму перыяду паклаў дзіўнай сілы эвалюцыйны выбух, падчас якога на Зямлі ўпершыню з’явіліся прадстаўнікі большасці асноўных груп жывёл, вядомых сучаснай навуцы. Ніхто ў дакладнасці не ведае, як выглядала карта свету ў кембрыйскую эпоху, ясна толькі, што яна моцна адрознівалася ад сённяшняй. Папярок экватара раскінуўся велічэзны мацярык Гандвана, які ўключаў у сябе часткі сучасных Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Еўропы, Блізкага Усходу, Індыі, Аўстраліі і Антарктыды. Акрамя Гандваны, на зямным шары было яшчэ чатыры мацерыка меншых памераў, якія размясціліся на месцы цяперашніх Еўропы, Сібіры, Кітая і Паўночнай Амерыкі (але ў сукупнасці з паўночна-заходняй Брытаніяй, заходняй Нарвегіяй і часткамі Сібіры). Паўночна-Амерыканскі мацярык таго часу вядомы пад назвай Лаўрэнція.
У тую эпоху клімат на Зямлі быў цяплейшы, чым цяпер. Трапічныя ўзбярэжжы мацерыкоў аблямоўвалі гіганцкія рыфы з страматалітаў, якія шмат чым нагадвалі каралавыя рыфы сучасных трапічных вод. Але рыфы гэтыя патроху памяншаліся ў памерах, паколькі мнагаклетачныя жывёлы актыўна іх паядалі. На сушы ў тыя часы не было ані расліннасці, ані глебавага пласту, таму вада і вецер разбуралі яе значна хутчэй, чым цяпер. У выніку ў мора змывалася вялікая колькасць асадкаў.