Казахстан
краіна ў Сярэдняй Азіі і Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Казахста́н (каз.: Қазақстан), афіцыйная назва Рэспубліка Казахстан (каз.: Қазақстан Республикасы) — краіна на мяжы Азіі і Еўропы (да Азіі належыць большая частка).
Агульная плошча краіны — 2 724 902 км², гэта дзявятая па плошчы краіна свету і найвялікшая ўнутрыкантынентальная краіна. Мяжуе на поўначы і захадзе з Расійскай Федэрацыяй (працягласць мяжы — 6846 км), на ўсходзе — з Кітаем (1533 км), на поўдні — з Кыргызстанам (1051 км), Узбекістанам (2203 км) і Туркменістанам (379 км). Абмываецца на паўднёвым захадзе водамі Каспійскага мора (працягласць берагавой лініі — 1894 км), на поўдні — водамі Аральскага мора. Сталіца — Астана (са снежня 1997).
Да 1991 года Казахстан уваходзіў у склад СССР (з 1936 — як Казахскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі), быў месцам ажыццяўлення вялікіх савецкіх праектаў, у тым ліку асваення цалінных зямель, касмічнай (Байканур) і ядзернай (Сяміпалацінск) праграм. З 16 снежня 1991 года Казахстан — незалежная дзяржава.
Грашовая адзінка — казахстанскі тэнгэ.