Водна-зялёны дыяметр Мінска
From Wikipedia, the free encyclopedia
Во́дна-зялё́ны дыя́метр Мі́нска — сістэма вадаёмаў, паркаў, бульвараў і сквераў абапал ракі Свіслач, якая перасякае шырокай «зялёнай стужкай» увесь горад Мінск (Беларусь) з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — ад вадасховішча Дразды да Шабаноў. Водна-зялёны дыяметр Мінска быў створаны ў выніку архітэктурна-ландшафтнага пераўтварэння поймы мінскай ракі Свіслачы ў 1950—1970-ых гадоў і з’яўляецца часткай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Стаў адным з двух планіровачных «стрыжняў» Мінска і перасякаецца пад прамым вуглом з паўднёвага захаду на паўночны ўсход другім галоўным гарадскім дыяметрам («стрыжнем») — праспектам Незалежнасці. З’яўляецца ўнікальным[1][2] горадабудаўнічым комплексам у свеце і важнай ландшафтна-рэкрэацыйнай зонай беларускай сталіцы. Галоўная яго ўнікальнасць заключаецца ў непарыўнасці і маштабах[3]. Да водна-зялёнага дыяметра Мінска былі дапраектаваны і пабудаваны (як лагічнае і карыснае дапаўненне) Сляпянскае воднае паўкола і Лошыцкае воднае паўкола, якія разам (паводле задумкі) ствараюць водна-зялёную сістэму Мінска. Паводле ацэнкі спецыялістаў, па праву з’яўляецца сімвалам горада і ландшафтна-архітэктурнай каштоўнасцю. У цяперашні час на водна-зялёным дыяметры Мінска ўзводзяцца розныя пабудовы, што парушае першапачатковае прызначэнне водна-зялёнага дыяметра і цэласнасць комплекса, як і саму канцэпцыю стварэння адзінай водна-зялёнай сістэмы Мінска.
Славутасць | |
Водна-зялёны дыяметр Мінска | |
---|---|
| |
53°55′ пн. ш. 27°32′ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктар | калектыў аўтараў арганізацый «Мінскпраект» і «Мінскводаканал» (у розныя часы): архітэктары — Васіліса Паўлаўна Шыльнікоўская, Яраслаў Львовіч Ліневіч, Барыс Алегавіч Юрцін, Любоў Дзмітрыеўна Усава, Аляксей Аляксеевіч Галякоў, Э.Н. Георгіева і інш.; інжынеры-гідратэхнікі — В. Савіч, Мікалай Мікалаевіч Сакалоўскі і інш. |
Будаўніцтва | пачатак 1940-х гг. — канец 1970-х гг. |
Стан | даўжыня — 41 км (7 вадасховішчаў каскадам); перапад вышынь воднага каскада — 28,6 м; агульная плошча — каля 2800 га; звыш 20 «зялёных зон» на тэрыторыі ўсёй водна-зялёнай сістэмы Мінска (паркі, скверы, бульвары, сады і інш.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |