Беларуская іканапісная школа (XVI — XVIII стагоддзі)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская іканапісная школа — самабытная нацыянальная іканапісная школа XVI — пачатку XIX стагоддзяў. Склалася пад уплывам ідэй Адраджэння на аснове традыцый візантыйскага і старажытнарускага мастацтва[1][2].
На Беларусі іканапіс узнік з прыняццем хрысціянства. Да XVI ст. развіваўся на аснове візантыйскіх традыцый, паступова засвойваў рэалістычныя рысы заходнееўрапейскага сакральнага мастацтва[3]. Працэс станаўлення і росквіту беларускага іканапісу расцягваецца на некалькі стагоддзяў[4]. Традыцыі мастацтва Візантыі і Старажытнай Русі, якія былі асіміляваныя беларускай культурай (IX—XIV стагоддзі), аб’ядноўваліся са стылістычнымі асаблівасцямі заходнееўрапейскага мастацтва — рэнесанс (XIV—XVI стагоддзі), барока (канец XVI—XVIII стагоддзяў), класіцызм (другая палова XVIII стагоддзя)[5]. Творы беларускага іканапісу вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўленчай мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнаграфічных элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць[1].