Стэ́фан У́раш I Вялікі (сербск.: Стефан Урош I; каля 1229 — 1 мая 1277) — кароль Сербіі (1243—1273) з дынастыі Няманічаў. Захапіў трон у 1243 годзе, зрынуўшы свайго брата Стэфана Уладзіслава. Яго доўгае кіраванне стала перыядам актыўнага эканамічнага развіцця краіны. Садзейнічаў уздыму горназдабыўной прамысловасці, у прыватнасці, заахвочваў будаўніцтва сярэбраных і свінцовых рудняў. Актыўны знешні гандаль прывёў да войнаў Сербіі з Дуброўнікам у 1253—1254 і 1265—1268 гадах, якія завяршыліся перамогай сербаў. У 1268 года распачаў няўдалую экспедыцыю супраць Венгрыі, падчас якой быў узяты ў палон і быў вымушаны выплаціць выкуп за вызваленне. Умелае выкарыстанне варожасці паміж кланамі дазволіла Урашу далучыць заходняе Захум’е і паступова саслабіць пазіцыі князёў бакавой галіны дынастыі Няманічаў. Цэнтралізатарская палітыка караля прывяла ў 1276 годзе да мецяжу яго сына Стэфана Драгуціна. Войскі Ураша былі разбіты аб'яднанымі сіламі паўстанцаў і венграў у бітве пры Гацка. У выніку Ураш адрокся ад прастола і сышоў у манастыр, пабудаваны ім у Сопачанях, дзе неўзабаве памёр.
Хуткія факты 4-ы Кароль Сербіі, Папярэднік ...
Закрыць