Палітыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Палі́тыка (грэч. πολιτικός — дзяржаўныя, грамадскія справы, ад грэч. πολίτης — грамадзянін, далей ад грэч. πόλις — горад; стар.-грэч. λόγος — думка, прычына) — арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін.
Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку палітыкай называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сацыяльных груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная палітыка мае мнагамерны характар і выступае ў трох асноўных аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сацыяльнай актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сацыяльнымі групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі.
Змест палітыкі складаюць: адносіны паміж сацыяльнымі суб’ектамі наконт улады, інтарэсы; тэарэтычныя, ідэалагічныя і духоўныя каштоўнасці (найбольш важныя: свабода, дэмакратыя, правы чалавека, сацыяльная справядлівасць, салідарнасць і г.д.).