Спіс лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Но́белеўская прэ́мія мі́ру (шведск.: Nobels fredspris) — узнагарода, якая штогод прысуджаецца Нарвежскім нобелеўскім камітэтам у Осла, «чалавеку, які выконвае найбольшую альбо найлепшую працу дзеля братэрства паміж народамі, адмены альбо скарачэння пастаянных армій і правядзення альбо заахвочвання мірных кангрэсаў»[1]. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных у 1895 годзе паводле запавету шведскага хіміка Альфрэда Нобеля, які памёр у 1896 годзе. Гэтыя прэміі прысуджаюцца за выдатныя заслугі ў галінах хіміі, фізікі, літаратуры, міру і фізіялогіі або медыцыны[2]. У адпаведнасці з запаветам Нобеля прэмія знаходзіцца ў падпарадкаванні Нарвежскага нобелеўскага камітэта і прысуджаецца камісіяй з пяці членаў, якія абіраюцца Парламентам Нарвегіі[3]. Лаўрэатамі першай Нобелеўскай прэміі міру ў 1901 годзе сталі Жан Дзюнан і Фрэдэрык Пасі. Кожны лаўрэат атрымлівае медаль, дыплом і грашовы прыз, які змяняецца з цягам часу[4]. У 1901 годзе Дзюнан і Пасі падзялілі 150 782 шведскія кроны, што ў снежні 2008 года было эквівалентна 7 731 004 шведскім кронам. Пачынаючы з 2001 года кожная грашовая ўзнагарода складала 10 мільёнаў шведскіх крон. Прэмія ўручаецца на штогадовай цырымоніі 10 снежня ў Осла ў прысутнасці караля Нарвегіі (адзіная Нобелеўская прэмія, якая не ўручаецца ў Стакгольме), у гадавіну смерці Альфрэда Нобеля[5].
Нобелеўская прэмія міру лічыцца найбольш спрэчнай сярод Нобелеўскіх прэмій і многія з лаўрэатаў падвяргаліся шырокай крытыцы[6][7]. У 1961 годзе Даг Хамаршэльд памёр за некалькі месяцаў да абвяшчэння сваёй перамогі, пасля чаго ў правілы былі ўнесены праўкі, каб пазбегнуць іншых пасмяротных узнагарод у будучыні[8]. У 1973 годзе Ле Дык Тхо адмовіўся ад прэміі, бо «быў не ў стане атрымаць узнагароду», спасылаючыся на сітуацыю ў В’етнаме, якая і стала прычынай яго перамогі[9]. Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа тройчы атрымліваў прэміі ў 1917, 1944 і 1963 гадах, а Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў двойчы — у 1954 і 1981 гадах, але ніводная асоба не атрымлівала Нобелеўскую прэмію міру больш за адзін раз[9]. Лайнус Полінг атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі ў 1954 годзе і Нобелеўскую прэмію міру ў 1962 годзе[9]. З 1901 года Нобелеўская прэмія міру не прысуджалася 19 разоў, больш, чым любая іншая з Нобелеўскіх узнагарод: у 1914, 1915, 1916, 1918, 1923, 1924, 1928, 1932, 1939, 1940, 1941, 1942, 1943, 1948, 1955, 1956, 1966, 1967 і 1972 гадах. Па стане на 2021 год прэмію атрымлівалі 25 арганізацый і 109 асоб, з якіх 18 былі жанчынамі (больш, чым у любой з іншых Нобелеўскіх прэмій)[10]. У 2014 годзе пакістанская актывістка Малала Юсуфзай стала самай маладой з усіх лаўрэатаў Нобелеўскіх прэмій ва ўсіх катэгорыях, атрымаўшы ўзнагароду ў 17 гадоў, а самым узроставым быў лаўрэат 1995 года Джозеф Ротблат, якому на момант прысуджэння было 87 гадоў[9].