Пантаміма
From Wikipedia, the free encyclopedia
Пантаміма (ад грэч. pantomimos, які ўсё пераймае, імітуе) — від сцэнічнага мастацтва, у якім раскрываецца мастацкі вобраз праз пластыку чалавечега цела, жэст, міміку.
Вядомы сола, дуэты, трыо і ансамблі пантамімы. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (можа выконваць некалькі роляў і разыгрываць цэлую п’есу), т. зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым закончаным драматычным сюжэтам, вялікай колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаныя эпізоды пантаміма сустракаецца ў драме, оперы, аперэце, часцей у балеце і цырку.
Выкарыстоўваючы сродкі пластычнай выразнасці, акцёр пантамімы можа раскрыць любыя праявы рэчаіснасці: учынкі і псіхалогію чалавека, жывёльны, раслінны і прадметны свет, стыхію, каскад разнастайных зрокавых ілюзій.
Драматургія пантамімы — сцэнарый на аснове літаратурнага твора любога жанру або арыгінальнае праяўленне творчага працэсу рэжысёра і акцёра пантамімы.
Музыка ў пантаміме можа супадаць па драматургіі, служыць дысанансам, адсутнічаць. Магчыма выкарыстанне шумавых эфектаў, хору, слоўных уставак, якія адыгрываюць другарадную ролю.