Манументальны жывапіс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Манументальны жывапіс — творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы манументальнага жывапісу валодаюць і самастойным вобразным зместам, вырашаюць дэкаратыўныя задачы (называецца таксама манументальна-дэкаратыўным жывапісам).
Да манументальнага жывапісу адносяць вялікіх памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка манументальнага жывапісу вымагае асаблівага ладу мастацкіх форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вялікіх колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вялікай адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.
Вядомы здаўна ў мастацтве Старажытнага Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гістарычных мастацкіх стыляў, творчасці асобных майстроў і рэлігійна-культурных традыцый народаў свету. Найбольшага росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння: работы Мазачыа, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш. Высокім мастацкім узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш. Лебрэна, 19 стагоддзя — Э. Дэлакруа, П. Пюві дэ Шавана, Ф. Овербека, у 20 стагоддзі — А. Гаўдзі, М. Дэні, Ф. Лежэ, Д. Сікейраса, Д. Рыверы, М. Урубеля, А. Дайнекі і інш.