Крэўская унія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Крэўская унія (1385) — пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім.
Крэўская унія | |
---|---|
польск.: Unia w Krewie | |
Дата падпісання | 14 жніўня 1385 |
Месца падпісання | Крэва |
Падпісалі |
Вялікае Княства Літоўскае |
Мова | лацінская |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пасля смерці ў 1382 годзе караля польскага Людовіка Венгерскага, які не меў сыноў, польскія магнаты пасля двухгадовых спрэчак абвясцілі каралевай яго малодшую дачку Ядвігу. Ініцыятарамі шлюбу Ядвігі з вялікім князем літоўскім Ягайлам былі магнаты Малапольшчы на чале са Спыткам з Мельштына. Ужо ў красавіку 1383 г. адбыліся першыя польска-літоўскія кантакты, пад час якіх магла абмяркоўвацца магчымасць шлюбу Ягайлы з дачкой нябожчыка Людовіка І Анжуйскага — Марыяй альбо Ядвігай. Па версіі храніста Яна Длугаша, першымі з такой прапановай звярнуліся прадстаўнікі Літвы. Па версіі «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» — ініцыятыву праявіў польскі бок.
18 студзеня 1385 г. у Кракаў прыбыла пасольства ВКЛ на чале са Скіргайлам Альгердавічам. Паводле «Кракаўскага календара» і Крэўскага акта ў яго склад уваходзілі князі Барыс, Альгімонт і віленскі староста (намеснік) Гануль, па паходжанні рыжскі немец. Князь Барыс, пасля даследаванняў О. Галецкага, упэўнена атаясамліваецца з падольскім князем Барысам Карыятавічам. Альгімонт — гальшанскі князь, бацька Івана Альгімонтавіча. Паводле «Прускай хронікі» С. Грунаў, прысутнічаў таксама Вітаўт, якога каралева Ядвіга запыталася пра смерць яго бацькі Кейстута, але гэта даволі позняя крыніца. Скіргайла, прамову якога працытаваў Длугаш, прапанаваў польскаму боку тыя ж умовы, якія потым былі зафіксаваны Крэўскім актам. Аднак у пункце пра скарбы ішла гаворка пра тое, што скарбы будуць фізічна перавезеныя ў Польшчу, тады як у Крэўскім акце аб гэтым сказана больш асцярожна: «будуць абернены на патрэбы».
З Кракава Скіргайла вярнуўся ў ВКЛ, а Барыс Карыятавіч і Гануль разам з дэлегацыяй Польшчы адправіліся ў Венгрыю. Там яны правялі перамовы з каралевай Альжбетай, удавой Людовіка І Анжуйскага, маці каралевы Ядвігі.
У жніўні 1385 г. у Крэва — радавы замак Ягайлы, прыбылі паслы Польшчы кракаўскі чашнік Улодка, завіхосцкі кашталян Мікалай, казімірскі дзяржаўца Крысцін і паслы Венгрыі чанадскі прэпазіт Стафан і патацкі кашталян Ладзіслаў, сын Какаса дэ Каза. 14 жніўня таго ж года было падпісана пагадненне з Польшчай, што вядома пад умоўнай назвай «Крэўская унія». Па форме дакумент прадстаўляе сабой пацверджанне абяцанняў, якія далі Барыс Карыятавіч і Гануль венгерскай каралеве Альжбеце ад імені вялікага князя літоўскага Ягайлы і яго паўнамоцнага пасла Скіргайлы.