Рэфармацыя ў Рэчы Паспалітай
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэфарма́цыя ў Рэ́чы Паспалі́тай або́двух наро́даў — рэлігійны і грамадзкі рух, які пастуляваў зьмены ў Царкве. Існаваў ад 1520-х да сярэдзіны XVII стагодзьдзя, калі канчаткова перамагла контрарэфармацыя. Рэфармацыя ў РП характарызавалася дынамічным разьвіцьцём у XVI—XVII стагодзьдзях, а пасьля такі самы імклівы заняпад, ажно да поўнай маргіналізацыі і страты ўплыву на пачатку XVIII стагодзьдзя[1]. На думку некаторых дасьледнікаў, у адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў, дзе прыводзіла да ўзмацненьня манархічнай улады, толькі ў Рэчы Паспалітай Рэфармацыя адначасова паслабіла і каралеўскую, і царкоўную ўлады[2].
Рэфармацыя ў РП ад пачатку абмежавалася толькі верхнімі і сярэднімі клясамі грамадзтва, у асноўным у местах паўночнай і заходняй Польшчы, на Келеччыне, Любельшчыне і Жмудзі. Так і не аказала значнага ўплыву на вясковае насельніцтва; выняткам былі толькі мяшканцы заходняга памежжа. У РП амаль не было магунтых пратэктараў, якія б падтрымлівалі гэты рух; магнаты трактавалі зьмену вызнаньня як сваю прыватную справу і як частку «залатой шляхецкай вольнасьці». Толькі на Літве такія магнаты, як Мікалай Радзівіл Чорны і Ян Кішка падтрымалі Рэфармацыю. Становішчу Рыма-каталіцкай царквы сур’ёзнай пагрозы не было.
У Рэчы Паспалітай зьявіліся тры рэфармацыйныя плыні: першым прыйшло лютэранства, сьледам — кальвінізм, а астатнім — г. зв. арыянства, або рух польскіх братоў. Рэфармацыя дала значны ўнёсак у разьвіцьцё польскай мовы, культуры і літаратуры, спрычынілася да ажыўленьня навукі і асьветы праз разьвіцьцё адукацыі і выдавецкай справы. Яе дзеячамі сталі шмат выбітных пісьменьнікаў, тэолягаў і навукоўцаў.