Калізэй
From Wikipedia, the free encyclopedia
Калізэ́й (лац. Colosseum або Amphitheatrum Flavium) — самы вялікі са старажытнарымскіх амфітэатраў, адно з найбольш прыкметных збудаваньняў сьвету. Знаходзіцца ў Рыме, у лагчыне паміж Эсквілінскім, Палятынскім і Цэліеўскім узгоркамі, на месцы сажалкі, што адносілася да «Залатога дому» Нэрона(be), на ўсход ад гарадзкога форуму. Лічыцца адным з найвялікшых твораў рымскай архітэктуры і яскравым прадстаўніком рымскай антычнай тэхнікі. Ягонае будаўніцтва распачалося ў 72 годзе н. э.[1] пры імпэратары Вэспасіяне й было завершанае ў 80 годзе н. э. пад кіраваньнем імпэратара Тытуса[2], з наступнымі зьменамі, зробленымі падчас панаваньня Даміцыяна[3]. Назва «Амфітэатар Флявіюм» паходзіць ад прозьвішчаў абодвух імпэратараў, Вэспасіяна й Тытуса Флявіяў.
Калізэй | |
---|---|
Colosseum* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Калізэй уначы | |
Краіна | Італія |
Тып | амфітэатар |
Крытэры | i, ii, iii, iv, vi |
Спасылка | 91 |
Рэгіён** | Эўропа й Паўночная Амэрыка |
Каардынаты | 41°53′26″ пн. ш. 12°29′32″ у. д. |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 1980 (4-я сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
Здольны зьмяшчаць 50 тыс. гледачоў[4], (паводле іншых зьвестак — 80 тыс)[5][6], Калізэй выкарыстоўваўся як месца правядзеньня глядыятарскіх баёў і публічных відовішчаў, пастановачных марскіх баёў, паляваньня, перапастановак вядомых бітваў, драматычных спэктакляў, заснаваных на антычнай міталёгіі. Будынак перастаў выкарыстоўвацца па сваім прызначэньні ў эпоху Раньняга Сярэднявечча. Пазьней збудаваньне стала выкарыстоўвацца для іншых мэтаў: забесьпячэньне жыльлём, у якасьці майстэрні, як памяшканьне для рэлігійнага ордэну, у якасьці фартэцыі, каменаломні, як мясцовая хрысьціянская сьвятыня і, урэшце, Калізэй — сусьветна вядомы турыстычны пункт.
Нягледзячы на тое, што ў XXI стагодзьдзі Калізэй застаецца часткова разбураным з-за пашкоджаньняў, атрыманых у выніку землятрусаў і дзейнасьці рабаўнікоў каменьня, збудаваньне зьяўляецца знакавым сымбалем імпэратарскага Рыму. Гэта адна з найбольш папулярных турыстычных славутасьцяў сучаснага гораду. У 1980 годзе Калізэй, як і ўвесь гістарычны цэнтар Рыму і ўладаньні Ватыкану, быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Калізэй і да гэтага часу мае цесныя сувязі з Рымска-каталіцкай царквой, бо кожную вялікую пятніцу Папа з працэсіяй праходзіць з паходнямі «Крыжовы шлях», які пачынаецца ў раёне Калізэю[7]. Выява Калізэю месьціцца на італьянскай вэрсіі пяці эўрацэнтаў.