Жанна д’Арк
From Wikipedia, the free encyclopedia
Жанна д’Арк ці Арлеанская дзева (па-француску: Jeanne d'Arc[1], вымаўляецца /ʒan daʁk/; прыкладна 1412 — 30 траўня 1431) — нацыянальная гераіня Францыі і каталіцкая сьвятая. Будучы па паходжаньні сялянскай дзяўчынай з усходняй Францыі, яна прывяла францускую армію да некалькіх істотных перамогаў падчас Стогадовай вайны і была ўскосна адказная за каранацыю Карла VII. Трапіўшы ў палон да бургундцаў, была прададзеная англічанам, асуджаная царкоўным судом і спаленая на вогнішчы ў дзевятнаццацігадовым узросьце як ератычка[2]. Дваццаць пяць гадоў пасьля, па ініцыятыве Карла VII, папа рымскі Калікст III пераглядзеў вырашэньне царкоўнага суду, палічыў яе невінаватай і абвясьціў яе пакутніцай[2]. Яна была бэатыфікаваная ў 1909 годзе і кананізаваная ў 1920 годзе. Жанна д’Арк разам са сьв. Дыянісіям, Марцінам Турскім, сьв. Людовікам IX зьяўляецца адной са сьвятых заступнікаў Францыі.
Жанна д’Арк | |
Жанна д’Арк | |
Сьвятая | |
---|---|
Нарадзілася | прыкладна 1412 Дамрэмі, герцагства Бар, Францыя |
Памерла | 30 траўня 1431 (19 гадоў) Руан, Францыя |
Шануецца | Каталіцкая царква Англіканскае таварыства |
Бэатыфікаваная | 18 красавіка 1909, у Саборы Парыскай Божай Маці папам рымскім Піюсам X |
Кананізаваная | 16 траўня 1920, у Саборы Сьвятога Пятра папам рымскім Бэнэдыктам XV |
Дзень памяці | 30 траўня |
Патрон | Францыі; пакутнікаў; ваеннапалонных; байцоў; людзей, абсьмеяных за сваю пабожнасьць; узьнікаў; жаўнераў. |
Жанна сьцьвярджала, што яна бачыла ўяўленьні ад Бога, якія загадвалі ёй вызваліць яе радзіму ад ангельскага панаваньня ў Стогадовай вайне. Некаранаваны кароль Карл VII паслаў яе ўдзельнічаць у аблозе Арлеана ў якасьці вайсковага падмацаваньня. Навіна аб тым, што войска будзе ўзначальваць пасланьніца Бога, выклікала надзвычайны маральны ўздым у згубіўшых надзею начальнікаў і жаўнераў. За дзевяць дзён пасьля яе зьяўленьня аблога была спыненая. Яшчэ некалькі імклівых перамогаў прывялі да каранацыі Карла VII у Рэймсе і ўрэгуляваньня пытаньня спадчыннасьці францускага трона.
Жанна д’Арк засталася значнай фігурай у заходняй культуры. Ад часоў Напалеона і пагэтуль францускія палітыкі незалежна ад сваёй накіраванасьці ўслаўлялі яе памяць. Буйныя пісьменьнікі і кампазытары, які прысьвячалі ёй свае творы, уключаюць Шэксьпіра (Henry VI, Part 1), Вальтэра (La Pucelle d'Orléans), Шылера (Die Jungfrau von Orléans), Вэрдзі (Giovanna d'Arco), Чайкоўскага (Орлеанская дева), Марка Твэна (Personal Recollections of Joan of Arc), Жана Ануя (L'Alouette), Бэртальта Брэхта (Die heilige Johanna der Schlachthöfe), Джорджа Бэрнарда Шоў (Saint Joan) і Максвэла Андэрсана (Joan of Lorraine).