Будаўніцтва
галіна матэрыяльнай вытворчасьці па стварэньні, перабудове і пашырэньні будынкаў і збудаваньняў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Будаўні́цтва — галіна матэрыяльнай вытворчасьці па стварэньні, перабудове і пашырэньні будынкаў і збудаваньняў, якія забясьпечваюць вытворчую дзейнасьць людзей і іх матэрыяльна-культурныя патрэбы.
Віды: гідратэхнічнае, жыльлёва-камунальнае, прамысловае, сельскагаспадарчае, транспартнае і энэргетычнае. Вынікам працы ёсьць завершаныя і падрыхтаваныя да выкарыстаньня прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, інжынэрныя і транспартныя шляхі зносінаў, жылыя дамы і грамадзкія будынкі. У якасьці галіны гаспадаркі служыць асновай памнажэня народнага багацьця. Высокая хуткасьць капітальнага будаўніцтва забясьпечвае абнаўленьне будаўнічых вырабаў і вызначае паскарэньне народнай гаспадаркі краіны. Ажыцьцяўляецца на аснове праектаваньня і вылучаных укладаньняў. Для выкананьня будаўнічай працы ствараюць агульнабудаўнічыя і адмысловыя прадпрыемствы, якія будуюць падрадным (на аснове дамовы з падраднікам) і гаспадарчым (сіламі ўласьніка) спосабам. Будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі пастаўляе прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў. Будаўнічыя машыны і абсталяваньне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаваньне. На аснове ўмацаваньня матэрыяльна-тэхнічнай базы пашыраецца зборнае будаўніцтва, у тым ліку аб’ёмна-блёчнае, што павялічвае хуткасьць будоўлі і ўзровень індустрыялізацыі[1].
На 1996 год было найбольш разьвіта ў ЗША, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі, дзе на долю будаўніцтва прыпадала 8-16% сукупнага ўнутранага прадукту і 4-9% агульнай колькасьці работнікаў, занятых у вытворчасьці. У гэтых краінах пераважалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы. У ЗША звыш 80% будаўнічых прадпрыемстваў мелі да 5 работнікаў кожная. У Францыі звыш 90% такіх прадпрыемстваў наймалі да 10 чалавек. У Нямеччыне малыя будаўнічыя прадпрыемствы наймалі да 100 чалавек і выконвалі да 65% абсягу будаўнічых працаў. Адначасна на міжнародным рынку панавалі буйныя падраднікі, асабліва ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Істотны ўплыў на будаўніцтва аказвалі аб’яднаньні, якія распрацоўвалі і выдавалі нарматыўныя дакумэнты, пашыралі перадавы досьвед, павышалі кваліфікацыю будаўнікоў і выдавалі адмысловыя часопісы. Кіраваньне будаўнічай галіной ажыцьцяўляецца на аснове будаўнічых кодэксаў. У Японіі дзейнічае Міністэрства будаўніцтва. У Канадзе — Фэдэральнае міністэрства дзяржаўнага будаўніцтва. У Вялікабрытаніі — Міністэрства будаўніцтва і грамадзкіх працаў. У ЗША — Міністэрства жыльлёвага будаўніцтва і гарадзкога разьвіцьця[1].