Анархізм
палітычная філязофія / From Wikipedia, the free encyclopedia
Анархі́зм — палітычная думка, якая грунтуецца на вольнасьці і мае сваёй мэтай зьнішчэньне ўсіх тыпаў прымусу і прыгнечаньня[Крыніца?]. Анархізм прапаноўвае замяніць супрацоўніцтвам індывідаў уладу, існуючую за рахунак прыгнечаньня адных іншымі і дзякуючы прывілеям адных у дачыненьні да іншых. Гэта азначае, што, па перакананьні анархістаў, грамадзкія сыстэмы і інстытуты павінны засноўвацца на зацікаўленасьці і самахотнай згодзе кожнага іх удзельніка, а ўлада павінна быць ліквідаваная як такая ў усіх яе праявах. Як антыдагматычная філязофія, анархізм абапіраецца на некалькі плыняў. Анархізм не прапаноўвае фіксаваную дактрыны аднаго канкрэтнага сьветапогляду[1]. Існуюць шмат тыпаў і традыцыяў анархізму, але ня ўсе зь якіх зьяўляюцца ўзаемавыключальнымі[2]. Анархісцкія школы могуць прынцыпова адрозьнівацца адна ад адной, падтрымліваючы пачынаючы ад крайняга індывідуалізму да поўнага калектывізму[3]. Анархізм часьцяком прылічваецца да леварадыкальнае ідэалёгіі[4].
Гісторыя анархізму ўзыходзіць да дагістарычных часоў, калі некаторыя людзі жылі ў анархічных грамадзтвах задоўга да стварэньня фармальных дзяржаваў ці імпэрый. З узрастаньнем арганізаваных іерархічных структур скептыцызм у дачыненьні да ўлады таксама ўздужаў, але толькі ў 19 стагодзьдзі паўстаў невялікі палітычны рух. У другой палове 19-га і першых дзесяцігодзьдзях 20-га стагодзьдзя анархістычны рух квітнеў у большасьці частак сьвету і згуляў значную ролю ў змаганьні працоўных за вызваленьне. У гэты пэрыяд сфармаваліся розныя анархістычныя школы думкі. Анархісты ўзялі ўдзел у некалькіх рэвалюцыях, у першую чаргу ў грамадзянскай вайне ў Гішпаніі (Рэвалюцыйная Каталёнія), канец якой адзначыў канец клясычнай эпохі анархізму. У апошнія дзесяцігодзьдзі 20-га стагодзьдзя і ў 21-е стагодзьдзе анархічны рух ізноў адрадзіўся.
Анархізм выкарыстоўвае розныя тактыкі для дасягненьня сваіх ідэалягічных мэт, якія можна шырока падзяліць на рэвалюцыйныя і эвалюцыйныя тактыкі. Паміж гэтымі двума паняткамі існуе значнае супадзеньне, якое носіць чыста апісальны характар. Анархічная думка, крытыка і практыка адыгралі сваю ролю ў розных сфэрах грамадзтва. Крытыка анархізму галоўным чынам засяроджана на сьцьвярджэньнях, што ён унутрана непасьлядоўны, жорсткі і утапічны.
Анархізм як масавы грамадзкі рух рэгулярна мае ваганьні ў папулярнасьці. Цэнтральная тэндэнцыя анархізму як сацыяльнага руху была прадстаўлена анарха-камунізмам і анарха-сындыкалізмам. Шмат якія анархісты выступаюць супраць усякіх формаў агрэсіі, падтрымліваючы самаабарону або прынцып безнасільля (анарха-пацыфізм)[5], у той час як іншыя падтрымліваюць выкарыстаньне некаторых мераў прымусу, у тым ліку гвалтоўнае рэвалюцыі і прапаганды справай, на шляху да анархічнага грамадзтва[6].