Сьмяротная кара
пазбаўленьне жыцьця ў выніку судовага прысуду як пакараньне за ўчыненае злачынства / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьмяро́тная ка́ра (сьмяротнае пакараньне) — дазволенае законам пазбаўленьне чалавека жыцьця ў якасьці пакараньня за злачынства, звычайна за асабліва цяжкае (забойства).
На 2018 год заканадаўства 92 краінаў сьвету, у якіх пражывала большасьць насельніцтва Зямлі, у тым ліку 4-х найбольшых па насельніцтве краінаў (Кітай, Індыя, ЗША і Інданэзія), прадугледжвала вынясеньне сьмяротнага выраку судом за цяжкія злачынствы. Пагатоў 103 дзяржавы пазбавілі свае суды такіх паўнамоцтваў, у тым ліку ўсе дзяржавы Эўропы за выключэньнем Беларусі. Найбольшую колькасьць сьмяротных выракаў за год выконвалі ў Кітаі, у тым ліку за карупцыю. Найчасьцей яго выконвалі ў выглядзе расстрэлу. Меншае распаўсюджваньне мелі сьмяротная ін’екцыя, электрычнае крэсла, павешаньне, адсячэньне галавы й пабіваньне камянямі.
У савецкай юрыдычнай практыцы для абазначэньня сьмяротнага пакараньня ў розны час выкарыстоўваліся эўфэмізмы «вышэйшая мера сацыяльнай абароны», «вышэйшая мера пакараньня» і «выключная мера пакараньня», бо афіцыйна лічылася, што сьмяротнае пакараньне ў СССР ужывалася ў выглядзе выключэньня як пакараньне за асабліва цяжкія агульнакрымінальныя й дзяржаўныя злачынствы.