Сонечная сыстэма
From Wikipedia, the free encyclopedia
Со́нечная сыстэ́ма — зорная сыстэма, якая складаецца з Сонца і плянэтнай сыстэмы, уключае ў сябе ўсе натуральныя касьмічныя аб’екты, што круцяцца вакол Сонца: плянэты і іх спадарожнікі, карлікавыя плянэты і іх спадарожнікі, а таксама малыя целы — астэроіды, мэтэароіды, камэты, касьмічны пыл. Сонечная сыстэма сфармавалася шляхам гравітацыйнага сьціску газапылавога воблака прыкладна 4,57 мільярдаў гадоў назад[1]. Большая частка масы аб’ектаў Сонечнай сыстэмы, прыпадае на Сонца, а астатняя частка зьмяшчаецца ў васьмі адносна адасобленых плянэтах, якія маюць амаль кругавыя арбіты й разьмяшчаюцца ў межах амаль плоскага дыску — плоскасьці экліптыкі. Агульная маса сыстэмы складае каля 1,0014 M ☉.
Чатыры меншыя ўнутраныя плянэты: Мэркурый, Вэнэра, Зямля й Марс (таксама званыя плянэтамі зямной групы), складаюцца ў асноўным з сылікатаў і мэталаў. Чатыры зьнешнія плянэты: Юпітэр, Сатурн, Уран і Нэптун, таксама званыя газавымі гігантамі, нашмат больш масіўныя, чым плянэты зямной групы. Найбуйнейшыя плянэты Сонечнай сыстэмы, Юпітэр і Сатурн, складаюцца, галоўным чынам з вадароду й гелю; зьнешнія, больш меншыя Ўран і Нэптун, акрамя вадароду й гелю, утрымліваюць у сваім складзе мэтан і чадны газ[2]. Такія плянэты вылучаюцца ў асобную клясу «ледзяных гігантаў»[3]. Шэсьць плянэтаў з васьмі й тры карлікавыя плянэты акружаны натуральнымі спадарожнікамі. Кожная са зьнешніх плянэтаў акружаная колцамі пылу й іншых часьцінак.
У Сонечнай сыстэме існуюць дзьве вобласьці, запоўненыя малымі целамі. Пояс астэроідаў, які знаходзіцца паміж Марсам і Юпітэрам, падобны па складзе з плянэтамі зямной групы, паколькі складаецца з сылікатаў і мэталаў. Найбуйнейшымі аб’ектамі пояса астэроідаў зьяўляюцца Цэрэра, Паляда й Вэста. За арбітай Нэптуна разьмяшчаюцца транснэптунавыя аб’екты, якія складаюцца з замерзлай вады, аміяку й мэтану, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляюцца Плютон, Сэдна, Хаўмэя, Макемаке й Эрыс. У Сонечнай сыстэме існуюць і іншыя папуляцыі малых целаў, як то плянэтныя квазіспадарожнікі й траянцы, калязямныя астэроіды, кентаўры, дамаклёіды, а таксама перамяшчаюцца па сыстэме камэты, мэтэароіды й касьмічны пыл.
Сонечны вецер, то бок струмень плязмы ад Сонца, стварае бурбалку ў міжзоркавай асяродзьдзі, званы геліясфэрай, якая распасьціраецца да краю расьсеянага дыску. Гіпатэтычнае воблака Оорта, служыць крыніцай доўгапэрыядычных камэтаў, можа прасьцірацца на адлегласьць прыкладна ў тысячу разоў далей за геліясфэру. Сонечная сыстэма ўваходзіць у склад галяктыкі Млечны Шлях.