Крытычная маса (рух)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Крытычная маса — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў, якія арганізавана рухаюцца па горадзе.
- Гэты артыкул пра публічны рух роварыстаў. Тэрмін зь ядзернай фізыкі апісаны ў артыкуле крытычная маса (фізыка).
Першы сумесны заезд быў у 1992 у горадзе Сан-Францыска. З таго часу рух пашырыўся па ўсім сьвеце і зараз такія падзеі адбываюцца больш чым ў 300 гарадах, звычайна ў апошнюю пятніцу кожнага месяца.
Крытычная маса ня мае ніякіх мэтаў, акрамя як атрымаць задавальненьне ад сустрэчы з аднадумцамі і адчуць пачуцьцё большай бясьпекі ў гуртовым праезьдзе. Сумесныя заезды прызначаны таксама для таго, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, гарадзкіх уладаў і аўтамабільных кіроўцаў. Таму ўдзельнікі часта ярка апранаюцца, аздабляюць ровары сьцяжкамі з жартаўлівымі слоганамі, бразготкамі, падчас руху зьвіняць званкі, дудзяць дуды. Крытычную масу абвінавачваюць у тым, што яны блякуюць шлях, ствараюць заторы. Самі раварысты адказваюць: «мы не замінаем дарожнаму руху — мы ёсьць частка дарожнага руху». Падчас заездаў маса заўжды прапускае гарадзкі публічны транспарт і аўтамабілі хуткай і пажарнай дапамогі.
Крытычная маса адрозьніваецца ад многіх іншых грамадзкіх рухаў тым, што ня мае герархіі, там няма сходаў, лідэраў, сяброўскіх унёскаў. Гэты рух называюць «арганізаванае супадзеньне». Усё, што патрэбна для існаваньня руху — дастаткова вялікая колькасьць чалавек, якія ведаюць месца і час, каб згуртавацца і разам стварыць «крытычную масу». Маршрут праезду выбіраецца або загадзя або перад пачаткам, і можа зьмяняцца падчас самога заезду.
Назва «крытычная маса» была ўпершыню ўжытая амэрыканскім дызайнэрам Джорджам Блісам (George Bliss), калі той наведаў Кітай. Ён заўважыў, што матацыклісты і роварысты маюць просты спосаб самарэгуляваньня некіроўных скрыжаваньняў. Кіроўцы накопліваюцца на адным канцы пакуль іх колькасьць не дасягне «крытычнай масы» і яны ня змогуць праехаць скрыжаваньне.